Па знаёмых вуліцах як у першы раз: студэнты юрыдычнага факультэта выконвалі заданні традыцыйнага краязнаўчага квеста

Кастрычнік 2018 года выдаўся нязвыкла цёплым. У адзін з такіх сонечных дзён, 17 кастрычніка, студэнты 3-га і 4-га курсаў юрыдычнага факультэта сабраліся на нашай цэнтральнай пешаходнай вуліцы, каб прыняць удзел у краязнаўчым квесце «Праваахоўныя органы горада Брэста».

Будучыя юрысты рухаліся па гістарычным цэнтры горада, наведваючы пазначаныя арганізатарам месцы. Камандам прапаноўвалася паслядоўна вырашыць зашыфраваныя заданні, што змяшчалі фотозагадку з падказкамі і гістарычнае апісанне будынкаў, у якіх знаходзяцца праваахоўныя органы. Каля шуканых аб’ектаў дзяжурылі студэнты-кантралёры, якія выдавалі падбеглай да іх камандзе наступныя заданні.

Квест стаў традыцыйным мерапрыемствам – кафедра крымінальна-прававых дысцыплін праводзіць яго ўжо пяты год запар. Ідэя квеста належыць старшаму выкладчыку кафедры Раманюк Алене Віктараўне. Яна заўважыла, што многія праваахоўныя органы і органы правасуддзя знаходзяцца ў будынках з багатай гісторыяй, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Мерапрыемства было накіравана на замацаванне ведаў студэнтаў па дысцыплінах «Крымінальны працэс» і «Судаўладкаванне»; развіццё ў студэнтаў лагічнага мыслення, назіральнасці, умення думаць нестандартна; паглыбленне ведаў аб гісторыка-культурным мінулым горада Брэста; выхаванне беражлівых адносін да помнікаў гісторыі.

Паводле слоў удзельнікаў, квест з’яўляецца адной з самых яркіх і запамінальных падзей за час вучобы ва ўніверсітэце. Студэнты адзначылі, што яны атрымалі станоўчыя эмоцыі, а галоўнае, даведаліся шмат новага пра гісторыю будынкаў, каля якіх праходзілі кожны дзень, не звяртаючы ўвагі.

Ст. выкладчык кафедры крымінальна-прававых дысцыплін Раманюк А.В.

Падзяліцца: