«Пачутае не параўнаецца з ўбачаным»

Жыццё сучаснага чалавека праходзіць у руху. Напрыклад, у вялікіх гарадах мы кожны дзень ездзім у школу, універсітэт, на працу. І для некаторых дабрацца ў пункт прызначэння – сапраўднае падарожжа. Больш за тое, час ад часу нам даводзіцца па розных справах адпраўляцца ў іншы горад ці ў чужую краіну.

Падарожнічаючы, мы бачым і пазнаём шмат такога, што ніколі не адкрылася б нам дома. Асабліва важныя для нас, замежных студэнтаў, экскурсіі па краіне той мовы, якую вывучаем, – па Беларусi, знаёмства з яе гісторыяй, культурай.

І мы са сваімі таварышамі, старшакурснікамі і выкладчыкамі 28 верасня 2018 года на аўтобусе адправіліся на экскурсію па маршруце Брэст–Пружаны–Ружаны–Косава.

У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» нас з усмешкай сустрэлі яго работнікі і чароўны экскурсавод. Мы даведаліся, што апынуліся ў адзіным на тэрыторыі Беларусі сядзібным доме, які захаваўся ў нязменным выглядзе з часу свайго стварэння. Валодаў гэтая сядзібай кіраўнік мясцовага павета Валенцій Швыкоўскі. Ён актыўна ўдзельнічаў у грамадска-культурным і гаспадарчым жыцці рэгіёна, быў знаёмы з вядомымі людзьмі свайго часу, у тым ліку з навукоўцам Юзафам Ігнаціем Крашэўскім, з мастаком, музыкантам Напалеонам Ордам і інш. У выставачных залах мы ўбачылі цікавыя экспанаты, дзякуючы якім мы змаглі ўявіць, якім была жыццё дваранства ў XIX ст.

У наступным пункце нашага маршруту, невялікім пасёлку, мы пазнаёміліся з яшчэ адной славутасцю Брэстчыны – Ружанскім палацавым комплексам. Ён быў найбуйнейшай магнацкай рэзідэнцыяй XVI–XVII стст. Замак атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні падчас першай сусветнай вайны, але сёння яго адрэстаўраваная ўязная брама выглядае гэтак жа, як і ў часы знакамітага роду Сапегаў.

Мы пабывалі і ў музеі-сядзібе Тадэвуша Касцюшкі, нацыянальнага героя Беларусі, Літвы, Польшчы і ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі. Мемарыяльны комплекс размешчаны недалёка ад мястэчка Косава, у фальварку Марачоўшчына, насупраць палаца Пуслоўскіх, які мы таксама з цікавасцю наведалі.

Перапоўненыя прыемнымі ўражаннямі, злёгку стомленыя, мы адправіліся дадому. Экскурсія для мяне, для маіх калег-студэнтаў была вельмі пазнавальнай. Акрамя таго, я ўбачыла на свае вочы шырокія лясы і палі Беларусі. Я чытала, што гэта зялёная краіна... Але чытаць і ўбачыць на свае вочы – гэта зусім розныя рэчы. У нас ёсць такая прыказка «Eşiden deñ bolmaz, gören göz bilen», што абазначае «Пачутае не параўнаецца з ўбачаным». Наша экскурсія – яшчэ адно пацвярджэнне таму.

Мы дзякуем за гэтую паездку яе арганізатарам – кафедры агульнага і рускага мовазнаўства, дэканату філалагічнага факультэта і сектару турызму «УніверТур». Спадзяёмся, што наперадзе ў нас не менш займальныя падарожжы.

Зохрэ Аннамаўламава, студэнтка філалагічнага факультэта

Падзяліцца: