Падведзены вынікі праекта «Ганарымся гісторыяй, шануем сувязь пакаленняў»

5 чэрвеня ў культурна-адукацыйным цэнтры імя У.А. Калесніка студэнты спецыяльнасці «Журналістыка (друкаваныя СМІ)» сустрэліся з прадстаўнікамі Савета ветэранаў працы ўстаноў адукацыі г. Брэста. Адной з падстаў сустрэчы стала падвядзенне вынікаў праекта «Ганарымся гісторыяй, шануем сувязь пакаленняў!»

У праекце, ініцыяваным Брэсцкім гарадскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, прынялі ўдзел студэнты 2-4 курсаў. На працягу некалькіх месяцаў яны наведвалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы з мэтай стварэння серыі публіцыстычных матэрыялаў пра людзей, лёсы якіх апаліла вайна. Нарысы аб ветэранах публікавала гарадская газета «Брэсцкі веснік». Працу студэнтаў у праекце курыравала загадчык кафедры журналістыкі БрДУ імя А.С. Пушкіна Л.В. Скібіцкая.

Сустрэўшыся з актывістамі ветэранскай арганізацыі, удзельнікі падзяліліся ўражаннямі ад праведзенай працы. Студэнты адзначылі, што ўдзел у праекце – заданне, якое стала часткай іх жыццёвага вопыту. Ветэраны, у сваю чаргу, падкрэслілі важнасць падобнай працы.

Плённы ўдзел студэнтаў у праекце адзначаны падзячным лістом на імя рэктара ўніверсітэта за подпісам А.М. Наскова, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама, і І.А. Жак, старшыні Брэсцкага гарадскога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Варта адзначыць, што сустрэча пакаленняў прайшла ў вельмі цёплай і даверлівай атмасферы. Яе кульмінацыяй стала навіна аб тым, што Брэсцкі гарадскі камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама запускаюць новы публіцыстычны праект. На гэты раз ён будзе прысвечаны педагагічным дынастыям горада Брэста. І.А. Жак выказала надзею, што студэнты-журналісты прымуць удзел і ў гэтым праекце. Тым больш што выхад першай публікацыі на згаданую тэму плануецца ў верасні гэтага года.

Вікторыя Атрошчанка, 3 курс,
спецыяльнасць «Журналістыка (друкаваныя СМІ)»

Падзяліцца: