Памяці загінуўшых будзем годныя!

6 мая, напярэдадні Дня Перамогі, на факультэце фізічнага выхавання адбылася чарговая велаакцыя, прысвечаная гэтаму вялікаму святу. Група студэнтаў 4 курса, што паглыблена вывучае лячэбную фізічную культуру, прыняла актыўны ўдзел у патрыятычным мерапрыемстве, арганізатарам якога ўжо 4-ы год з’яўляецца дацэнт А.М. Герасевіч. Актыўную дапамогу ў арганізацыі кожны год аказвае лабарант кафедры анатоміі, фізіялогіі і бяспекі чалавека А.Г. Пархоц.

Маршрут велаакцыі традыцыйна пралягаў па месцах размяшчэння помнікаў на ўскраінах Брэста, якія сведчаць аб подзвігу берасцейцаў і воінаў-абаронцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Са сказанымі на дарогу добрымі  словамі да ўдзельнікаў звярнуўся ветэран кафедры аздараўленчай і лячэбнай фізічнай культуры дацэнт Уладзімір Сцяпанавіч Бакавец. Ён пажадаў паспяховага правядзення мерапрыемства і асабіста прыняў у ім актыўны ўдзел.

У гэты дзень надвор’е спрыяла ўдзельнікам, а берасцейцы і госці горада з ўсмешкамі і падтрымкай віталі веласіпедыстаў на розных участках маршруту. Студэнты і педагогі наведалі помнік жыхарам Брэста, расстраляным у гады вайны, а таксама помнік воінам, якія загінулі ў лагеры пад Брэстам падчас акупацыі. Удзельнікі акцыі правялі работы па ўборцы тэрыторыі, усклалі кветкі да помнікаў і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых.

Гады аддаляюць нас ад ваеннага часу, а мірнае жыццё ідзе сваёй чаргой. Ветэранаў вайны застаецца ўсё менш, яны сыходзяць, выносячы з сабой старонкі ваеннага ліхалецця. Але ў памяці не-не ды і ўсплываюць карціны з успамінаў ветэранаў, з аповедаў дзядоў і бацькоў, родных і блізкіх пра цяжкія ваенныя будні, пра нягоды і нястачу таго суровага часу. Памяць пра вайну застаецца з намі ...

А.Г. Пархоц

Падзяліцца: