Перамогі першакурснікаў: «Арт-сесія» завяршылася гала-канцэртам

15 лістапада падвёў свае вынікі фестываль «Арт-сесія-2016». Самыя здольныя першакурснікі ўніверсітэта бліснулі сваімі талентамі на гала-канцэрце. Іх песні, танцы, вершы і тэатральныя пастаноўкі на працягу дзвюх гадзін дарылі ўсмешкі, запал і добры настрой усім гасцям свята. Завяршальным акордам мерапрыемства стала вырашэнне інтрыгі – «Які ж факультэт будзе прызнаны лепшым?»

У гэтым годзе лідарамі сталі адразу два факультэты: сацыяльна-педагагічны і псіхолага-педагагічны. Крыху не дацягнулі да іх геаграфічны факультэт і факультэт замежных моў, якія атрымалі дыпломы другой і трэцяй ступені адпаведна.

Многія студэнты атрымалі дыпломы ў асобных намінацыях. Так, лепшай у «Тэатральным мастацтве» стала студыя «Эпізод Ў-нескладовік» філалагічнага факультэта. У намінацыі «Эстрадны вакал» лаўрэатамі сталі Лізавета Шпакоўская (філалагічны факультэт), Андрэй Пракапчук (фізіка-матэматычны факультэт) і Ксенія Пухнарэвіч (факультэт замежных моў). «Прамоўніцкае майстэрства» скарылася студэнту гістарычнага факультэта Дзянісу Склізкову. У гэтага ж факультэта аказалася і «Лепшая група падтрымкі». Намінацыю «Харэаграфія (народны танец)» прысудзілі танцавальнаму калектыву сацыяльна-педагагічнага факультэта. Рабяты сацпеда ўганараваліся дыпломам і ў намінацыі «Лепшая медыяпрэзентацыя». Самы сучасны танец быў у геаграфічнага факультэта: яго студэнты лепшыя ў «Харэаграфіі (флэш-моб)». У намінацыі «Мастацкае слова» перамаглі Уладзіслаў Іванюк як аўтар прачытанага твора (псіхолага-педагагічны факультэт) і Дзмітрый Баранаў як выканаўца (гістарычны факультэт). «Майстрамі канферанса» сталі студэнтка геаграфічнага факультэта Кацярына Балабановіч, прадстаўніца філалагічнага факультэта Вікторыя Засімук, а таксама Кірыл Карашкоў, які вучыцца на факультэце замежных моў. У намінацыі «Арыгінальны жанр» перамогу атрымаў першакурснік псіхолага-педагагічнага факультэта Андрэй Казлюк. У намінацыях «Інструментальнае майстэрства (саліст)» і «Інструментальнае майстэрства (трыа)» на вяршыні аказаліся студэнты фізіка-матэматычнага (Павел Галян) і псіхолага-педагагічнага (Міхаіл Палаўнёў, Кацярына Кулічык і Вадзім Кальцоў) факультэтаў. А дыплом за «Лепшыя відэаролікі» атрымаў юрыдычны факультэт.

Віншуем пераможцаў з першымі творчымі поспехамі ва ўніверсітэцкім жыцці
і жадаем новых дасягненняў!

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: