Першы ў БрДУ стартап-семінар «Фарміраванне бізнес-ідэй»

22 мая 2018 года прайшоў першы ў БрДУ імя А.С. Пушкіна стартап-семінар «Фарміраванне бізнес-ідэй». Яго арганізатарам выступіў навукова-даследчы сектар.

Мэтай стартап-семінара стала развіццё інавацыйнага патэнцыялу студэнтаў універсітэта для фарміравання гатоўнасці генерыраваць новыя ідэі, ствараць і ўкараняць інавацыйныя распрацоўкі, удзельнічаць у стартап-конкурсах.

Актыўны ўдзел у працы семінара прынялі запрошаныя госці. Адкрыў мерапрыемства прарэктар па навуковай працы, кандыдат фізіка-матэматычных навук Аляксандр Яўгенавіч Будзько. Ён расказаў аб навукова-даследчай працы, што праводзіцца выкладчыкамі і студэнтамі ўніверсітэта.

Ва ўступным слове кіраўнік навукова-даследчага сектара, кандыдат фізіка-матэматычных навук Кацярына Васільеўна Панцялеева расказала студэнтам пра людзей, якія зрабілі з нуля не мільён, а мільярд, каб матываваць студэнтаў да прадпрымальніцкай дзейнасці. Кацярына Васільеўна прывяла яркія прыклады, як звычайныя студэнты пачалі сваю справу і дасягнулі высокіх вынікаў.

Адным з запрошаных гасцей быў намеснік дырэктара Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парку Сыцько Андрэй Васільевіч. Ён падзяліўся са студэнтамі сваім вопытам і расказаў пра Брэсцкі навукова-тэхналагічны парк – дом, дзе жывуць інавацыі. У сваім дакладзе Андрэй Васільевіч асвятліў дзейнасць самога тэхнапарку, расказаў, як стаць рэзідэнтам, і праінфармаваў пра ўсе бонусы, якія падаюцца рэзiдэнтам.

Для таго, каб стаць рэзідэнтам, у першую чаргу неабходна ідэя, а вось як і дзе з простай ідэі зрабіць сапраўдны стартап-праект, расказаў кіраўнік рэгіянальнага прадстаўніцтва Бізнес-школы ІПМ у Брэсце Андрэй Палагін: «Конкурс прадпрымальніцкіх ідэй – гэта публічны конкурс ідэй і інавацыйных праектаў сярод прадстаўнікоў моладзевых і прадпрымальніцкіх супольнасцяў, а таксама студэнтаў універсітэтаў. Конкурс прадпрымальніцкіх ідэй арганізаваны ў рамках праекта Бізнес-школы ІПМ «Прасоўванне бізнес-адукацыі ў рэгіёнах для прадпрымальніцкага поспеху» (DRIVES)». Усіх жадаючых ён запрасіў на абарону праектаў-фіналістаў Рэгіянальнага фіналу конкурсу. Падзяліліся сваім вопытам удзелу ў конкурсе прадпрымальніцкіх ідэй фіналісты 2017 года – студэнткі юрыдычнага факультэта Грэчная Анастасія і Казінская Жанна.

Фінальным акордам семінара стала выступленне Радчук Вікторыі Мікалаеўны, юрыст-кансультанта Брэсцкага мясцовага фонду рэгіянальнага развіцця, у якім Вікторыя Мікалаеўна расказала аб сацыяльных стартапах і аб сацыяльным прадпрымальніцтве.

Навукова-даследчы сектар

Падзяліцца: