Першынства ўніверсітэта па спартыўнай барацьбе

14 сакавіка зала барацьбы спартыўнага корпуса сабрала ў сваіх сценах аматараў барацьбы з усяго ўніверсітэта. У гэты дзень там упершыню праводзілася першынства ўніверсітэта па спартыўнай барацьбе. Асноўнай мэтай спаборніцтваў быў адбор наймацнейшых спартсменаў у зборную каманду ўніверсітэта, што як ніколі актуальна напярэдадні Рэспубліканскай універсіяды па грэка-рымскай барацьбе, якая пройдзе 22-23 сакавіка ў г. Гродна. Таксама спаборніцтвы былі накіраваны на папулярызацыю і развіццё барацьбы ў сценах нашага ўніверсітэта, у тым ліку і сярод замежных студэнтаў, сярод якіх, дарэчы, гэты від спорту вельмі папулярны.

Студэнты спаборнічалі ў трох вагавых катэгорыях па правілах грэка-рымскай і адначасова вольнай барацьбы. Для некаторага спрашчэння спаборніцтваў – усё ж такі ў іх прымалі ўдзел не толькі прафесіяналы – быў абраны від адзінаборстваў «барацьба на паясах», у якім можна рэалізаваць увесь спектр кідковай тэхнікі. У той жа час гэты від барацьбы менш траўманебяспечны, чым яго класічныя аналагі.

У спаборніцтвах узялі ўдзел каля 40 спартсменаў. Па выніках напружаных сутычак прызёрамі спаборніцтваў сталі:

  • у катэгорыі 71 кг
    • I месца – Худайкулаў Ашыр (біялагічны факультэт);
    • II месца – Лепясевіч Андрэй (факультэт фізічнага выхавання);
    • III месца – Антановіч Уладзіслаў (факультэт фізічнага выхавання) і Кандрацюк Артур (факультэт фізічнага выхавання);
  • у катэгорыі 85 кг
    • I месца – Шынгерэй Іван (факультэт фізічнага выхавання);
    • II месца – Брышцен Васіль (факультэт фізічнага выхавання);
    • III месца – Пачуйка Васіль (факультэт фізічнага выхавання);
  • у катэгорыі звыш 85 кг
    • I месца – Гепалаў Арцём (факультэт фізічнага выхавання);
    • II месца – Ялкабаў Акмухаммет (юрыдычны факультэт);
    • III месца – Родак Арцём (факультэт фізічнага выхавання) і Жук Віктар (факультэт фізічнага выхавання).

Паводле слоў галоўнага суддзі спаборніцтваў, старшага выкладчыка кафедры тэорыі і методыкі фізічнага выхавання Ігара Іосіфавіча Глебіка, спаборніцтвы прайшлі на добрым арганізацыйным узроўні і паслужылі добрай практыкай як для студэнтаў-спартсменаў, так і для студэнтаў, якія абслугоўвалі гэтыя спаборніцтвы ў якасці суддзяў.

У недалёкай будучыні ва ўніверсітэце плануецца правядзенне спаборніцтваў па вольнай барацьбе, самба і дзюдо. А пакуль што мы пажадаем рабятам паспяховых стартаў на Рэспубліканскай універсіядзе!

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання і спартклуба

Падзяліцца: