Поспех на ўніверсіядзе па кулявой стральбе

З 16 па 18 чэрвеня ў Брэсце прайшлі спаборніцтвы Рэспубліканскай універсіяды-2017 па кулявой стральбе.

У адпаведнасці з праграмай спаборніцтваў у першы дзень праходзіла прыстрэлка зброі ў зале стралковага ціра Брэсцкай абласной школы найвышэйшага спартыўнага майстэрства.

17 чэрвеня рабяты выконвалі практыкаванне ПП-3: 60 заліковых стрэлаў з пісталета пнеўматычнага, дыстанцыя 10 метраў, мішэнь № 9 (дыяметр чорнага круга 59,5 мм, дыяметр «дзясяткі» 11,5 мм). Час на выкананне практыкавання – 1 гадзіна 15 хвілін. У гэты ж дзень дзяўчаты выконвалі практыкаванне ВП-4: стральба стоячы, 40 стрэлаў з вінтоўкі пнеўматычнай, дыстанцыя 10 метраў, мішэнь № 8 (дыяметр чорнага круга 30,5 мм, памер «дзясяткі» 5 мм). Час на выкананне практыкавання – 60 хвілін.

18 чэрвеня рабяты выконвалі практыкаванне ВП-6: стральба стоячы, 60 стрэлаў з вінтоўкі пнеўматычнай, дыстанцыя 10 метраў, мішэнь № 8. Час на выкананне практыкавання – 1 гадзіна 15 хвілін. Дзяўчыны выконвалі практыкаванне ПП-2: 40 стрэлаў з пісталета пнеўматычнага, дыстанцыя 10 метраў, мішэнь № 9. Час на выкананне практыкавання 50 хвілін.

Агульнакаманднае першынства вызначалася па найбольшай суме балаў, набраных ў асабістых нумарах праграмы па наступнай схеме: за першае месца налічваецца 15 балаў, за другое месца – 10 балаў, за трэцяе – 8 і г.д. Пры роўнасці ачкоў перавагу атрымлівае каманда, якая мае большую колькасць першых, другіх, трэціх і г.д. месцаў.

Па выніках спаборніцтваў зборная нашага ўніверсітэта заваявала другое месца. У асабістым першынстве ўсе нашы спартсмены падымаліся на п’едэстал гонару:

  • Леанавец Надзея (майстар спорту, юрыдычны факультэт) – 1 месца ў стральбе з пнеўматычнага пісталета;
  • Чарноў Уладзімір (майстар спорту, факультэт фізічнага выхавання) – 1 месца ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі;
  • Дзікая Яўгенія (майстар спорту міжнароднага класа, факультэт фізічнага выхавання) – 2 месца ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі;
  • Матусевіч Яўген (майстар спорту, факультэт фізічнага выхавання) – 2 месца ў стральбе з пнеўматычнага пісталета;
  • Склізкоў Дзяніс (кандыдат у майстры спорту, гістарычны факультэт) – 3 месца ў стральбе з пнеўматычнага пісталета.

Віншуем! Малайцы!

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання і спартклуба

Падзяліцца: