Поспехі нашых снайпераў

З 14 па 16 снежня 2018 года на базе фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама» ў г. Гродна прайшлі фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскай універсіяды – 2018 па кулявой стральбе. Усяго ў спаборніцтвах прымалі ўдзел 15 зборных каманд студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў нашай краіны.

У адпаведнасці з рэгламентам спаборніцтваў у першы дзень праводзілася прыстрэлка зброі.

15 снежня рабяты выконвалі практыкаванне ПП-3 (пісталет пнеўматычны, дыстанцыя 10 метраў, мішэнь № 9: дыяметр чорнага круга – 59,5 мм, дыяметр «дзясяткі» – 11,5 мм). Неабходна зрабіць 60 заліковых стрэлаў. Час на выкананне практыкавання – 1 гадзіна 15 хвілін. У гэты ж дзень дзяўчаты выконвалі практыкаванне ВП-4 (стральба стоячы, 40 стрэлаў з вінтоўкі пнеўматычнай, дыстанцыя 10 метраў, мішэнь № 8: дыяметр чорнага круга – 30,5 мм, памер «дзясяткі» – 5 мм). Час на выкананне практыкавання – 60 хвілін.

16 снежня рабяты выконвалі практыкаванне ВП-6 (стральба стоячы, 60 стрэлаў з вінтоўкі пнеўматычнай, дыстанцыя 10 метраў, мішэнь № 8). Час на выкананне практыкавання – 1 гадзіна 15 хвілін. Дзяўчыны выконвалі практыкаванне ПП-2 (дыстанцыя 10 метраў, мішэнь № 9). Неабходна было зрабіць 40 заліковых стрэлаў з пісталета пнеўматычнага. Час на выкананне практыкавання – 50 хвілін.

У асабістым першынстве нашы спартсмены выступілі так:

  1. Уладзімір Чарноў Чарноў Уладзімір (майстар спорту міжнароднага класа, факультэт фізічнага выхавання) – 1-е месца ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі;
  2. Пранько Уладзіслава (майстар спорту міжнароднага класа, факультэт фізічнага выхавання) – 2-е месца ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі;
  3. Краўчук Мікіта (майстар спорту, факультэт фізічнага выхавання) – 2-е месца ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі;
  4. Палюшык Таісія (майстар спорту, факультэт фізічнага выхавання) – 5-е месца ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі;
  5. Склізкоў Дзяніс (кандыдат у майстры спорту, гістарычны факультэт) – 9-е месца ў стральбе з пнеўматычнага пісталета;
  6. Аўраменка Аляксандр (кандыдат у майстры спорту, факультэт фізічнага выхавання) – 8-е месца ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі;
  7. Матусевіч Яўген (майстар спорту, факультэт фізічнага выхавання) – 8-е месца ў стральбе з пнеўматычнага пісталета.

Па выніках правядзення фінальных спаборніцтваў па стральбе кулявой нашы рабяты занялі другое каманднае месца, саступіўшы толькі зборнай камандзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.

Віншуем! Малайцы!

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання і спартклуба

Падзяліцца: