Прафесар Г.Ю. Ямскіх (Расія) прачытала цыкл лекцый студэнтам геаграфічнага факультэта

З 27 лістапада па 14 снежня 2018 года на геаграфічным факультэце былі прачытаны лекцыі па дысцыпліне «Палеагеаграфія: глабальныя і рэгіянальныя падзеі» для студэнтаў і магістрантаў. Лекцыі чытала загадчык кафедры геаграфіі Інстытута экалогіі і геаграфіі Сібірскага федэральнага ўніверсітэта (РФ) Галіна Юр’еўна Ямскіх. Візіт прафесара Г.Ю. Ямскіх адбыўся ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і моладзевая палітыка» на 2016–2020 гады.

У 2007 г. Галіна Юр’еўна абараніла доктарскую дысертацыю па спецыяльнасцях 25.00.23 – фізічная геаграфія і біягеаграфія, геаграфія глебаў і геахімія ландшафтаў; 25.00.25 – геамарфалогія і эвалюцыйная геаграфія («Рэканструкцыя расліннасці і клімату галацэну ўнутрыкантынентальных тэрыторый Прыенісейскай Сібіры»). У тым жа годзе ёй было прысвоена вучонае званне прафесара. Г.Ю. Ямская – аўтар (сааўтар) больш за 200 навуковых работ, 6 манаграфій, у тым ліку 1 міжнароднай. Пад яе кіраўніцтвам было падрыхтавана 11 кандыдатаў геаграфічных навук, якія працуюць на тэрыторыі Краснаярскага краю, Ненецкай АА, Хакасіі. Галіна Юр’еўна валодае вялікім педагагічным вопытам.

Курс лекцый «Палеагеаграфія: глабальныя і рэгіянальныя падзеі», прачытаны Галінай Юр’еўнай, вылучаецца навізной і практычнай значнасцю. Палеагеаграфічныя падзеі разглядаюцца як этапы развіцця глабальнай сістэмы – геаграфічнай абалонкі – праз аналіз рэгіянальных і лакальных падзей, якія з’яўляюцца прадметам навуковых даследаванняў лектара. Асабліва цікавымі для студэнтаў былі лекцыі аб палеагеаграфічных метадах, спорава-пылковым аналізе і сферы яго прымянення, палеагеаграфічных падзеях на тэрыторыі Краснаярскага краю ў кайназоі і Арктычных тэрыторыях Сібіры.

Студэнты першага і другога курсаў спецыяльнасці «Геаграфія» і школьнікі прынялі ўдзел у віктарыне, прысвечанай геаграфіі Краснаярскага краю.

У час знаходжання ў Брэсце Г.Ю. Ямскіх мела магчымасць пазнаёміцца са славутасцямі нашага горада і яго ваколіц. У праграму знаходжання былі ўключаны экскурсія па г. Брэсце і па мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», а таксама наведванне Белавежскай пушчы.

Выказваем вялікую падзяку Галіне Юр’еўне Ямскіх за прачытаныя лекцыі і выказваем надзею на працяг супрацоўніцтва.

Дэкан геаграфічнага факультэта
І.В. Абрамава

Падзяліцца: