Прэзентацыя кнігі па гісторыі Царквы Уніяцкай

9 лістапада 2015 г. у чытальнай зале бібліятэкі ўніверсітэта адбылася прэзентацыя духоўна-асветніцкага выдання кандыдата багаслоўя, протаіерэя Міхаіла Наско «Уніяцкая Царква ў першай трэці ХІХ стагоддзя: рух да ўз’яднання з Праваслаўем» (Мінск, 2014). Удзел у мерапрыемстве прынялі студэнты і выкладчыкі гістарычнага факультэта, прадстаўнікі праваслаўнага духавенства, бібліятэкары, журналісты.

Протаіерэй Міхаіл Наско адкрыў сваё выступленне словамі падзякі ў адрас альма-матар (ён у 1993 г. скончыў з адзнакай факультэт прыродазнаўства). Далей ён расказаў пра асаблівасці рэлігійнага жыцця на беларускіх землях у першай трэці ХІХ ст. і пра асноўныя прычыны ўзніклага сярод уніяцкага духавенства руху за ўз’яднанне з Праваслаўнай Царквой, што і адбылося на Полацкім царкоўным саборы ў 1839 г. Пры абмеркаванні прэзентуемага выдання кандыдат багаслоўя, Епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан адзначаў як яго навуковую, так і сацыяльную значнасць у сучасных умовах глабалізацыі. Вядучы мерапрыемства – доктар гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч – ацаніў пазітыўны ўклад праваслаўнага духавенства ў этнакультурнае захаванне беларускага народа ў складзе Рэчы Паспалітай. Аналізуючы змест кнігі, доктар гістарычных навук, прафесар Андрэй Аляксандравіч Гарбацкі звярнуў увагу на яе культурна-антрапалагічны кампанент, салідную базу крыніц (у тым ліку архіўных дакументаў і перыёдыкі), даў некаторыя парады аўтару. Акрамя таго, было прапанавана сумеснымі намаганнямі прафесарска-выкладчыцкага складу гістарычнага факультэта і навукоўцамі-багасловамі ажыццяўляць вывучэнне актуальнай гісторыка-царкоўнай праблематыкі. Цікавымі былі выступленні кандыдата гістарычных навук, дацэнта Аляксандра Мікалаевіча Свірыда, а таксама прадстаўнікоў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта – начальніка ўпраўлення выхаваўчай працы з моладдзю Віктара Сяргеевіча Місіюка і старшага выкладчыка кафедры філасофіі і культуралогіі Ірыны Аляксандраўны Шабанавай.

Увогуле ў ходзе абмеркавання кнігі адбыўся зацікаўлены дыялог па адной са складаных праблем айчыннай гісторыі, былі намечаны планы па далейшым супрацоўніцтве з Брэсцкай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: