Прэзентацыя новай кнігі Дарафея Фіёніка

15 сакавіка 2018 г. на гістарычным факультэце адбылася прэзентацыя новай кнігі гісторыка, этнографа, дзеяча беларускай дыяспары на Падляшшы, заснавальніка Музея малой радзімы ў Студзіводах (Польшча) Дарафея Фіёніка «Ярослав Васільевіч Костыцэвіч» з серыі «Гісторыя і культура падляшскіх беларусаў». Асноўнай тэмай прэзентацыі стала захаванне ўнікальнай культуры сваёй малой радзімы і памяці пра яе выдатных прадстаўнікоў.

Выкладчыкам і студэнтам госць ужо вядомы сваімі папярэднімі цікавымі гісторыка-краязнаўчымі выданнямі. У ходзе прэзентацыі чарговай кнігі Д. Фіёнік распавёў пра яе галоўнага героя – выдатнага беларускага педагога, грамадскага і царкоўнага дзеяча Яраслава Васільевіча Кастыцэвіча (1896–1971), які здолеў у складаных умовах захаваць і развіваць беларускія школы ў Польшчы (у 1944–1965 гг. быў адным з арганізатараў, дырэктарам беларускай гімназіі, беларускага ліцэя ў Бельску-Падляскім). Прысутныя на прэзентацыі мелі магчымасць пабачыць змястоўны ілюстрацыйны матэрыял, фатаграфіі аб усім родзе Кастыцэвічаў. Усе ўдзельнікі мерапрыемства падзякавалі аўтару і пажадалі яму новых творчых поспехаў у справе вывучэння гістарычнага мінулага.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: