Прэзентацыя праектаў вуснай гісторыі

26 лютага 2015 г. на гістарычным факультэце адбылася прэзентацыя Беларускага архіва вуснай гісторыі (БАВГ), адзінага ў краіне on-line сховішча электронных дакументаў па вуснай гісторыі Беларусі ХХ ст. Вядучы прэзентацыі – загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктар гістарычных навук А.М. Вабішчэвіч – адзначыў значнасць працы па фіксацыі і захаванні ўспамінаў пакуль яшчэ жывых сведкаў (удзельнікаў) падзей мінулага, выкарыстанні іх у навуковай працы, у вучэбным і выхаваўчым працэсе.

Доктар гістарычных навук, прафесар Інстытута славістыкі ПАН А.Ф. Смалянчук пазнаёміў прысутных студэнтаў, выкладчыкаў з асноўнымі вынікамі працы БАВГ, прэзентаваў выдадзены зборнік “Восень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі” і дакументальны фільм “Восень 1939: на мяжы памяці”. Іншыя супрацоўнікі архіўнага інтэрнэт-праекта давялі інфармацыю пра тэматыку, змест ужо сабраных дакументальных матэрыялаў на партале www.nashapamiac.org, магчымасці іх выкарыстання ці размяшчэння новых дакументаў. Студэнтаў і магістрантаў запрасілі да ўдзелу ў конкурсе “Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы ў памяці жыхароў Беларусі”. Яны атрымалі карысныя парады і кансультацыі па методыцы збірання вусных успамінаў (запісу інтэрв’ю).

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: