Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь уручыў узнагароду Аляксандру Рыжову

23 мая 2014 года ў г.Мінску адбылася сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі з адоранымі вучнямі, студэнтамі, таленавітай моладдзю. У ліку запрошаных быў і студэнт фізіка-матэматычнага факультэта спецыяльнасці “Эканамічная кібернетыка” Аляксандр Рыжоў.

Аляксандр распрацаваў праект, што дазваляе ствараць сайты для карыстальнікаў, якія не валодаюць тэарэтычнымі асновамі вэб- праграмавання і практычнымі ўменнямі, навыкамі сайтабудавання. Пры выкананні працы выкарыстаў розныя інфармацыйныя тэхналогіі і праграмнае забеспячэнне, уключаючы JavaScript і AJAX і інш. А.Рыжоў у мінулым годзе заваяваў залаты медаль 11-га Міжнароднага адкрытага конкурсу па вэб-дызайне і камп’ютарнай графіцы, які праходзіў у Вінніцкім нацыянальным тэхнічным універсітэце.

На сустрэчы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ўручыў Аляксандру Рыжову пасведчанне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, а таксама ўзнагародзіў першай прэміяй з уручэннем нагруднага знака лаўрэата.

 “У нашай краіне да маладых талентаў асаблівае стаўленне. Высокі ўзровень адукацыі, творчы патэнцыял асобы – нашы найважнейшыя каштоўнасці, – сказаў Прэзідэнт. – Менавіта па вашых поспехах робяць выснову аб тым, якія нацыянальныя навуковыя школы эфектыўна развіваюцца, у якіх сферах наша краіна мае высокі патэнцыял”.

Фізіка-матэматычны факультэт віншуе Аляксандра і жадае далейшых творчых поспехаў.

Фізіка-матэматычны факультэт

Выкарыстаны матэрыялы сайта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Падзяліцца: