Псіхалагічныя трэнінгі для прафсаюзнага форуму

18-19 лістапада 2015 г. на турбазе ФПБ «Лясное возера» (Баранавіцкі раён) адбыўся Рэспубліканскі галіновы прафсаюзны моладзевы семінар-форум «Прафсаюз за моладзь. Моладзь за прафсаюз». Сярод 20 удзельнікаў, якія прадстаўляюць усе рэгіёны Беларусі, былі лідары абласных Саветаў Моладзі рэспублікі, прафкамаў першасных прафсаюзных арганізацый. У рамках форуму прайшлі псіхалагічныя трэнінгі, дыскусіі і круглыя сталы, а ў ходзе прэзентацыі ўласных праектаў удзельнікі семінара абмеркавалі магчымыя шляхі вырашэння сённяшніх праблем у сферы арганізацыі працы. Для правядзення псіхалагічных трэнінгаў былі запрошаны спецыялісты-псіхолагі БрДУ імя А.С. Пушкіна – дацэнт кафедры псіхалогіі Любоў Аляксееўна Цыбаева і педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы Наталля Сяргееўна Ануфрыкава.

Правядзенне псіхалагічнага блока спрыяла знаёмству і згуртаванню ўдзельнікаў, зняццю эмацыйнага напружання, усталяванню гарманічных і даверлівых узаемаадносін. Гэтыя мерапрыемствы садзейнічалі развіццю лідарскай Я-канцэпцыі – сістэмы ўяўленняў пра сябе і сваю ролю ў жыцці – і лідарскага светапогляду – уяўлення аб навакольным свеце, міжасобасных узаемадзеяннях.

Удзельнікі форуму пашырылі веды ў галіне самарэалізацыі, канструктыўных і дзелавых зносін з тымі, хто акружае; уяўленні аб сабе і сваіх магчымасцях, адпрацавалі навыкі пераканання і ўменне знайсці аргументы на карысць сваёй пазіцыі.

Форум «Прафсаюз за моладзь. Моладзь за прафсаюз»праводзіцца ўпершыню і, на думку арганізатараў, павінен стаць універсальнай пляцоўкай для прэзентацыі моладзевых ідэй і праектаў.

Н.С. Ануфрыкава, педагог-псіхолаг СППС

Падзяліцца: