Пушкінскі фестываль працягвае сваю гісторыю

Ужо ў сёмы раз Аляксандр Пушкін сабраў у Брэсце прыхільнікаў сваёй творчасці, актуальнай ва ўсе часы. З 15 па 20 мая 2017 года ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна прайшоў VII Міжнародны Пушкінскі фестываль «Друзья, прекрасен наш союз…», арганізаваны Рускім цэнтрам і кафедрай тэорыі і гісторыі рускай літаратуры. Неацэнную, у тым ліку і фінансавую падтрымку ў правядзенні фестывалю аказала ўпраўленне адукацыі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта.

У фестывалі прынялі ўдзел больш за 300 чалавек – выкладчыкаў і настаўнікаў, студэнтаў і школьнікаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Узбекістана, Туркменістана і іншых краін. Праграма фестывалю ўключала адкрытыя конкурсы чытальнікаў, эсэ, плакатаў, а таксама сцэнічны конкурс і майстар-класы настаўнікаў-славеснікаў.

З радасцю ад доўгачаканых сустрэч са старажыламі фестывалю і пажаданнем новых адкрыццяў у свеце Аляксандра Пушкіна звярнулася да гасцей дэкан філалагічнага факультэта, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі рускай літаратуры, кіраўнік Рускага цэнтра Таццяна Сянькевіч.

20 мая на ўрачыстай цырымоніі закрыцця фестывалю былі падведзены вынікі творчага конкурснага тыдня. На мерапрыемстве прысутнічалі Генеральны консул Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў г. Брэсце Ігар Канякін і намеснік начальніка Упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ірына Папова. Пераможцам былі ўручаны дыпломы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, граматы ўніверсітэта і падрыхтаваныя Фондам «Рускі свет» прызы і сувеніры.

У рамках канцэртнай праграмы, прысвечанай закрыццю Пушкінскага фестывалю, выступілі творчыя калектывы БрДУ імя А. С. Пушкіна і Цэнтра моладзевай творчасці г. Брэста. Прысутныя эмацыянальна сустрэлі прэзентацыю дзённіка фестывалю з самымі яркімі выступленнямі яго ўдзельнікаў.

«Дэвіз VII творчага форуму ў Брэсце – «А пушкинской дороге нет конца». Удзельнікі, сябры фестывалю пацвердзілі слушнасць гэтай фразы», – гэтымі словамі Таццяна Сянькевіч перагарнула яшчэ адну старонку традыцыйнага яркага свята крэатыўных людзей, неабыякавых да Пушкіна і яго спадчыны.

Філалагічны факультэт

Падзяліцца: