Разам – за моцную і квітнеючую Беларусь!

22–23 чэрвеня адбыўся Пяты Усебеларускі народны сход, у працы якога прынялі ўдзел і прадстаўнікі ўніверсітэта: Сендзер Ганна Мікалаеўна – рэктар універсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар; Нічышына Таццяна Віктараўна – член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, загадчык кафедры педагогікі пачатковага навучання, кандыдат педагагічных навук, дацэнт; Сідаровіч Аляксандр Аляксандравіч – старшы выкладчык кафедры турызму і краіназнаўства, кандыдат геаграфічных навук; Замулко Ірына Алегаўна – студэнтка 5-га курса гістарычнага факультэта.

Усебеларускі народны сход – гэта значнае мерапрыемства для краіны, дзе абмяркоўваюцца планы на бліжэйшую пяцігодку і падводзяцца вынікі папярэдніх гадоў. Важны той факт, што сход склікаецца адзін раз у пяць гадоў і будучыня краіны вызначаецца сапраўды ўсенародна. У працы форуму ўзялі ўдзел кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, парламентарыі, дэпутаты мясцовых саветаў, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, работнікі сацыяльна-культурнай сферы і СМІ, студэнты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, рабочыя, працаўнікі вёскі, вайскоўцы, прадпрымальнікі, пенсіянеры. На форум запрошаны каля 150 гасцей, у тым ліку амаль 100 – з-за мяжы.

Вітаючы ўдзельнікаў галоўнага агульнанароднага форуму краіны, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка адзначыў: «Права чалавека і грамадзяніна на ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы з’яўляецца неад’емным патрабаваннем часу. Актыўнасць, з якой жыхары краіны ўключыліся ў падрыхтоўку і правядзенне сходаў у працоўных калектывах, па месцы вучобы, службы, жыхарства, яшчэ раз даказала, што наш з’езд – рэальна дзеючы механізм народаўладдзя». Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што дэвіз «Разам – за моцную і квітнеючую Беларусь!» сімвалізуе пераемнасць і з’яднанасць грамадства на карысць Радзімы. «Мы цэнім грамадскую думку, пажаданні і прадуктыўныя ідэі, якія накіраваны на паступальнае развіццё рэспублікі ў эканамічным, сацыяльным і культурным планах. Беларусы хочуць захаваць мір і спакой у краіне, настроены на стваральную працу ў імя сваёй будучыні і будучыні падрастаючага пакалення», – сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Усебеларускі народны сход па праву з’яўляецца адной з найважнейшых формаў прамой дэмакратыі і апраўдаўшым сябе грамадскім інстытутам сучаснай Беларусі. «Адкрытая і чэсная размова з людзьмі стала нормай жыцця для ўлады і ўсіх службовых асобаў дзяржавы», – падкрэсліў беларускі лідар.

Гаворачы аб адукацыі, Прэзідэнт адзначыў найважнейшае патрабаванне: сістэма адукацыі не павінна быць адарванай ад эканомікі. «Трэба павялічваць практыкаарыентаванасць навучання. Гэта адзіны шлях падрыхтоўкі спецыялістаў, якія валодаюць інфармацыйнымі тэхналогіямі, ведаюць усе этапы вытворчасці», – сказаў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт падтрымаў ідэю бесперапыннай адукацыі, якая фарміруе ў чалавеку імкненне да пастаяннага ўдасканалення і самаразвіцця.

У цэнтры ўвагі дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу знаходзіліся асноўныя палажэнні праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016–2020 гады. Галоўная мэта на бягучую пяцігодку – павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця. Для дасягнення пастаўленых мэтаў развіццё краіны будзе асноўвацца на такіх прыярытэтах, як інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя, моладзь. Пры дапрацоўцы праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады ўраду рэкамендавана ўлічыць заўвагі і прапановы, якія выказалі Прэзідэнт Беларусі і дэлегаты Усебеларускага народнага сходу.

Удзельнікамі галоўнага агульнанароднага форуму краіны выпрацавана Рэзалюцыя Пятага Усебеларускага народнага сходу. Ключавой задачай на будучае пяцігоддзе вызначана аднаўленне і забеспячэнне далейшага ўстойлівага эканамічнага росту як асновы для паспяховага жыцця будучых пакаленняў.

Сённяшні дабрабыт краіны, нашых сем’яў шмат у чым вызначаецца ўменнем кожнага грамадзяніна прадуктыўна працаваць, выконваць свае абавязкі, паспяхова вырашаць самыя складаныя задачы. Толькі разам, выкарыстоўваючы стваральную энергію кожнага чалавека, мы зможам дамагчыся значных вынікаў у далейшым развіцці моцнай і квітнеючай Беларусі.

Падзяліцца: