Рэгіянальная навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы нацыянальнай эканомікі»

22 сакавіка 2017 года ў БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшла Рэгіянальная навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы нацыянальнай эканомікі» ў рамках міжнароднага праекта «Стварэнне трансгранічнай платформы «Бізнестранс» для заахвочвання і падтрымкі супрацоўніцтва паміж бізнесам і навуковымі ўстановамі з мэтай ўстанаўлення больш цесных узаемаадносін», што рэалізуецца сумесна з Вышэйшай дзяржаўнай школай імя Папы Яна Паўла II (Рэспубліка Польшча, г. Бяла-Падляска). Арганізатарам гэтага мерапрыемства выступіла кафедра тэарэтычнай і прыкладной эканомікі.

На пленарным пасяджэнні з прывітальным словам выступіла намеснік дэкана па навуковай працы геаграфічнага факультэта, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт Шэлест Таццяна Анатольеўна. Яна адзначыла актуальнасць тэмы канферэнцыі і яе практычнае значэнне.

У працы канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 90 выкладчыкаў, магістрантаў і студэнтаў з Брэста, Мінска, Магілёва, Баранавічаў, Пінска. У рамках канферэнцыі працавалі 4 секцыі: «Інстытуцыянальная сістэма рынкавай эканомікі», «Рэгіянальныя праблемы сферы турызму і гасціннасці», «Трансгранічнае супрацоўніцтва і міжнародная інтэграцыя», «Стан і перспектывы развіцця прадпрымальніцтва». На секцыйных пасяджэннях былі не толькі заслуханы даклады, але і адбыліся змястоўныя дыскусіі па надзённых праблемах развіцця нацыянальнай і сусветнай эканомікі. Усе дакладчыкі прадэманстравалі высокі ўзровень навуковых даследаванняў. Многія даклады суправаджаліся цікавымі прэзентацыямі.

На канферэнцыі таксама адбылася прэзентацыя выданняў, падрыхтаваных у рамках праекта МТП «Стварэнне трансгранічнай платформы «Бізнестранс». Напрыканцы канферэнцыі ўдзельнікам былі ўручаны выданні праекта і сертыфікаты ўдзелу ў навуковым мерапрыемстве.

Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік артыкулаў.

Аргкамітэт

Падзяліцца: