Рэгіянальны навукова-метадычны семінар «Праблемы лінгвадыдактыкі ў святле новай адукацыйнай парадыгмы»

26 сакавіка адбыўся чарговы Рэгіянальны навукова-метадычны семінар «Праблемы лінгвадыдактыкі ў святле новай адукацыйнай парадыгмы», які штогод арганізуецца кафедрай агульнага і рускага мовазнаўства. На семінары прысутнічалі больш за 30 настаўнікаў-філолагаў горада Брэста і вобласці.

У гэтым годзе семінар быў прысвечаны праблемным пытанням марфалогіі – аднаму з раздзелаў сучаснага мовазнаўства. Асноўны даклад зрабіла кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ада Юр’еўна Яніцкая. Настаўнік-славеснік СШ №30 г. Брэста Лілія Іванаўна Жукоўская падзялілася вопытам вывучэння ў школе праблемных пытанняў марфалогіі. Цікавасць у прысутных выклікала і выступленне кандыдата філалагічных навук, дацэнта Наталлі Міхайлаўны Гурынай, якая пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з навінкамі лексікаграфіі, наяўнымі ў чытальнай зале факультэта.

У заключэнне семінара загадчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Вольга Барысаўна Пераход выступіла перад настаўнікамі-філолагамі з інфармацыяй аб факультэце – яго мінулым, сучасным і будучым, завяршыўшы сваю прамову запрашэннем ва ўніверсітэт выпускнікоў школ вобласці – вучняў удзельнікаў семінара.

Кафедра агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: