Рэгіянальны навукова-практычны семінар «Берасцейскі падручнік: гісторыя і сучаснасць»

20 красавіка 2017 года кафедрай беларускага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна» быў праведзены рэгіянальны навукова-практычны семінар «Берасцейскі падручнік: гісторыя і сучаснасць», прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 25-гадовай навукова-метадычнай дзейнасці кафедры ў стварэнні падручнікаў па беларускай літаратуры для агульнаадукацыйных школ краіны.

Удзел у рабоце семінара прынялі намеснік загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста Н.С. Дрык, загадчык Кобрынскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Т.І. Петруковіч, дырэктар Хідрынскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна А.М. Назарук, настаўнікі 14 школ г. Брэста. Завочна ў мерапрыемстве ўдзельнічалі настаўнікі 5 школ горада, 22 школ Кобрынскага раёна, якія даслалі адказы на прапанаваныя арганізатарамі семінару пытанні пра якасць зместу і структуры падручнікаў для 10 і 11 класаў.

На семінары адбывалася зацікаўленае абмеркаванне стану літаратурнай адукацыі. Метадысты і настаўнікі высока ацанілі вынікі шматгадовай працы кафедры беларускага літаратуразнаўства па стварэнні вучэбна-метадычных комплексаў для школы. Н.С. Дрык падзялілася з прысутнымі калегамі і студэнтамі вопытам папулярызацыі беларускай кнігі, Г.А. Асіпук расказала пра прыёмы актывізацыі ў вучняў станоўчай матывацыі да чытання. Удзельнікамі семінару былі зроблены слушныя прапановы па ўдасканаленні якасці сучасных праграм і падручнікаў. Абмяркоўваўся вучэбна-выхаваўчы патэнцыял сучаснага ўрока літаратуры, шляхі пераадолення зніжэння чытацкіх зацікаўленняў вучняў.

Кафедра беларускага літаратуразнаўства

Падзяліцца: