Рэгіянальны навукова-практычны семінар «Лінгвістычнае краязнаўства: узаемадзеянне мовы і культуры»

26 кастрычніка 2018 г. на філалагічным факультэце ўстановы адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна» адбыўся рэгіянальны навукова-практычны семінар «Лінгвістычнае краязнаўства: узаемадзеянне мовы і культуры». У межах семінара быў праведзены круглы стол «Накірункі навуковай дзейнасці: універсітэт – школа».

З прафарыентацыйнай мэтай для ўдзелу ў семінары былі запрошаны настаўнікі і навучэнцы ДУА «Здзітаўская СШ» і «СШ в. Здзітава» Бярозаўскага раёна, а таксама філіяла кафедры «СШ № 8 г. Брэста імя Героя Беларусі У.М. Карвата».

Для вучняў з Бярозаўшчыны была арганізавана аглядавая экскурсія па факультэтах універсітэта, наведванне экалагічнага цэнтра «Зімні сад». Студэнты другога курса аддзялення «Беларуская філалогія» паказалі прэзентацыю пра філалагічны факультэт.

Тэатральны гурток «Эпізод Ў-нескладовік» (мастацкі кіраўнік – дацэнт Шчэрба С.М.) прывітаў гасцей імпрэзай «Свіцязянка».

Падчас пасяджэння круглага стала абмяркоўваліся накірункі навуковай дзейнасці студэнтаў універсітэта і вучняў сярэдніх школ. Вучні 11-га класа ДУА «СШ № 8 г. Брэста імя Героя Беларусі У.М. Карвата» прадставілі свой навуковы праект «Гісторыя бальнай сукенкі беларускай шляхты ХІХ ст.» (кіраўнікі – настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Ю.У. Іванюк і В.А. Шаш). Бальныя сукенкі для прэзентацыі былі сшыты і аздоблены самімі вучнямі.

Навучэнцы ДУА «Здзітаўская СШ» расказалі пра сацыяльную адказнасць дзейнасці школы ў мясцовым грамадстве. З 2007 г. Здзітаўская школа ўвайшла ў лік прыхільнікаў устойлівага развіцця (сацыяльнага, эканамічнага, экалагічнага) і прыняла ўдзел у нямецка-беларускім праекце «Местная Повестка-21» (МП-21). З 2008 г. экспертная камісія прысвоіла Здзітаўскай СШ статус рэгіянальнага рэсурснага цэнтра па пытаннях устойлівага развіцця, з 2017 г. – Рэсурснага цэнтра эканамічнага развіцця Спораўскага сельсавета.  З таго часу школа рэалізуе сацыяльна-значымыя праекты (эколага-этнаграфічны музей «Здзітаўскі фальварак», інфармацыйны цэнтр па ўстойліваму развіццю, зялёны маршрут «Между трех озер», «К устойчивому Здитово – через энергоэффективность», «Здитово спортивное», «Здитово – Родина милая!», «Здзітаўскі кірмаш»). Курыруе навуковыя праекты завуч па вучэбнай і выхаваўчай працы Ажажа Т.С.

Дзякуем усім удзельнікам семінара і спадзяёмся на далейшыя плённыя сустрэчы.

Кафедра беларускай філалогіі

Падзяліцца: