Рэспубліканская навукова-практычная Інтэрнэт-канферэнцыя «Супрацьдзеянне злачыннасці: крыміналагічныя, крымінальна-прававыя і крымінальна-працэсуальныя аспекты»

23 сакавіка 2017 года ў БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшла рэспубліканская навукова-практычная Інтэрнэт-канферэнцыя «Супрацьдзеянне злачыннасці: крыміналагічныя, крымінальна-прававыя і крымінальна-працэсуальныя аспекты». Фармат правядзення канферэнцыі дазволіў ажыццявіць камунікацыю адначасова з некалькімі ўдзельнікамі з дапамогай выкарыстання відэаканферэнцсувязі і тым самым істотна сэканоміў іх час і камандзіровачныя выдаткі. Тэхнічная падтрымка мерапрыемства была забяспечана Цэнтрам інфармацыйных тэхналогій БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Канферэнцыю адкрыў прарэктар па навуковай працы і эканоміцы, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Будзько Аляксандр Яўгенавіч. У сваім вітальным слове ён адзначыў высокі ўзровень навукова-даследчай працы ў нашым універсітэце і важнасць міжнароднага супрацоўніцтва. З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнулася і дэкан юрыдычнага факультэта, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт Грыгаровіч Алена Мікалаеўна, якая падкрэсліла, што праграма Інтэрнэт-канферэнцыі складаецца з актуальных і значных тэм, а геаграфія яе ўдзельнікаў прадстаўлена не толькі беларускімі, але і замежнымі ВНУ і арганізацыямі.

Удзельнікі канферэнцыі – навукоўцы, выкладчыкі і работнікі праваахоўных органаў Беларусі, Расіі і Украіны – выступілі з дакладамі, удзельнічалі ў іх абмеркаванні і адказалі на пытанні іншых удзельнікаў. З некаторымі дакладчыкамі кафедра крымінальна-прававых дысцыплін супрацоўнічае ўжо некалькі гадоў. Так, рэгулярна мае месца абмен вопытам з выкладчыцкім складам Крымскага юрыдычнага інстытута (філіял) Акадэміі Генеральнай пракуратуры Расійскай Федэрацыі (г. Сімферопаль), з якім раней быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве.

Праблематыка мерапрыемства была абумоўлена навукова-даследчай тэмай кафедры крымінальна-прававых дысцыплін і ўключала ў сябе розныя аспекты правапрымянення крымінальнага права ў папярэджанні злачыннасці. Былі абмеркаваны праблемы процідзеяння карупцыі, актуалізаваны пытанні рэлігійнай бяспекі, правільнасці кваліфікацыі злачынстваў, праведзены параўнальны аналіз парадку прызначэння судова-псіхіятрычнай экспертызы ў розных краінах, параўнанне беларускага і расійскага заканадаўства і інш.

У арганізацыі канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх ВНУ, у першую чаргу выкладчыкі кафедры крымінальна-прававых дысцыплін БрДУ імя А.С. Пушкіна. Сярод апошніх асаблівую ролю адыгралі кандыдат юрыдычных навук, дацэнт С.М. Храмаў і выкладчык В.І. Разюк.

Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены электронны зборнік матэрыялаў, які ўключае артыкулы ўдзельнікаў.

В.М. Іванчына,
заг. кафедры крымінальна-прававых дысцыплін,
кандыдат філасофскіх навук, дацэнт

Падзяліцца: