Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Вылічальныя метады, мадэлі і адукацыйныя тэхналогіі»

22 кастрычніка 2015 года ва ўніверсітэце адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Вылічальныя метады, мадэлі і адукацыйныя тэхналогіі» пры падтрымцы рэзідэнта Парку Высокіх Тэхналогій Рэспублікі Беларусь ЗТАА «ЭРЫКПОЛЬ БРЭСТ». Адкрываючы канферэнцыю, прарэктар па навуковай працы і эканоміцы ўніверсітэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Будзько Аляксандр Яўгенавіч адзначыў вялікае значэнне навуковых даследаванняў удзельнікаў канферэнцыі для развіцця прыгранічнага рэгіёна і пажадаў ім плённай працы ў вырашэнні пастаўленых задач.

На пленарным пасяджэнні выступілі: Уладзімір Адамавіч Галаўко (д.т.н., прафесар, загадчык кафедры інтэлектуальных інфармацыйных тэхналогій БрДТУ) з дакладам на тэму «Глыбокае навучанне нейронавых сетак: тэорыя і прымяненне», Васіль Міхайлавіч Волкаў (д.ф.-м.н., прафесар кафедры вэб-тэхналогій і камп’ютарнага мадэлявання БДУ) з дакладам на тэму «Крытэрый спектральнага раздзялення і метады лічбавай апрацоўкі сігналаў у аптымізацыі дыскрэтных мадэляў нестацыянарнага ўраўнення Шрэдынгера», Андрэй Уладзіміравіч Ліфенец (супрацоўнік ЗТАА «ЭРЫКПОЛЬ Брэст») з дакладам на тэму «Падыходы да распрацоўкі праграмнага забеспячэння»; Таццяна Сяргееўна Сілюк (к.э.н., дацэнт, загадчык кафедры тэарэтычнай і прыкладной эканомікі БрДУ імя А.С. Пушкіна) з дакладам на тэму «Праект МТД «Стварэнне трансгранічнай платформы «БІЗНЕСТРАНС» як фактар павышэння канкурэнтаздольнасці трансгранічных тэрыторый».

Удзельнікі канферэнцыі працягвалі працу на васьмі секцыях, дзе абмеркавалі 192 даклады.

У працы канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы Мінска, Гродна, Гомеля, Брэста, Полацка, Кіева і Днепрапятроўска (Украіна), Масквы (Расія), Лодзі і Бялай Падляскі (Польшча), Лёвена (Бельгія). У завяршэнне ўдзельнікі канферэнцыі выказалі падзяку арганізатарам навуковага мерапрыемства.

Фізіка-матэматычны факультэт

Падзяліцца: