Рэспубліканская навуковая канферэнцыя маладых даследчыкаў “Культурная спадчына і гістарычная памяць”

7–8 снежня ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна праходзіла Рэспубліканская навуковая канферэнцыя маладых даследчыкаў “Культурная спадчына і гістарычная памяць”. Яе арганізатарамі выступілі кафедра гісторыі славянскіх народаў і студэнцкае навуковае таварыства гістарычнага факультэта БрДУ, Савет маладых вучоных і Акадэмія маладых гісторыкаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, рэдакцыя часопіса “Беларускі гістарычны часопіс” і інш.

 

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся дэкан гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аляксандр Аляксандравіч Савіч, які адзначыў актуальнасць і грамадскую значнасць заяўленай тэматыкі навуковага мерапрыемства. Былі заслуханы прывітанні ад галоўнага рэдактара часопіса “Беларускі гістарычны часопіс” кандыдата педагагічных навук, дацэнта Аляксандра Аляксандравіча Корзюка, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдата гістарычных навук, дацэнта Таццяны Валянцінаўны Даўгач, а таксама прадстаўніка студэнцкай моладзі, намесніка старшыні студэнцкага навуковага таварыства гістарычнага факультэта БрДУ Арцёма Андрэевіча Сарапіна.

 

На абмеркаванне ўдзельнікаў канферэнцыі было прапанавана шырокае кола пытанняў. Яны раскрываюць разнастайныя аспекты праблемы захавання матэрыяльнай і духоўнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, прэзентуюць сучасныя падыходы да яе даследавання і асэнсавання ў рэчышчы актуалізацыі ў беларускім грамадстве праблематыкі гістарычнай памяці ў адпаведнасці з прыярытэтамі дзяржаўнай ідэалогіі і палітыкі. Усе даклады пленарнага і трох секцыйных пасяджэнняў выклікалі асаблівую цікавасць у прысутных, суправаджаліся дыскусіямі і абмеркаваннямі.

 

У ходзе канферэнцыі прэзентавалі часопіс “Беларускі гістарычны часопіс”. Прайшлі воркшопы па розных напрамках практычнай даследчай дзейнасці: вопыт выкарыстання паветранага лазернага сканавання на археалагічных помніках Беларусі, некаторыя аспекты крэмнеапрацоўкі, праблемы захавання і вывучэння археалагічнай скуры, практыка візуальна-антрапалагічнага даследавання штодзённасці. Удзельнікамі навуковага мерапрыемства з’яўляліся студэнты, магістранты, аспіранты, даследчыкі БрДУ імя А.С. Пушкіна, Інстытута гісторыі НАН Беларусі, БДУ, БДПУ імя М. Танка, ГрДУ імя Янкі Купалы, МДУ імя А.А. Куляшова, РІВШ, Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства і інш.

 

Удзельнікі канферэнцыі наведалі гісторыка-мемарыяльны музей “Сядзіба Нямцэвічаў” і калону архангела Рафаіла (XVIII ст.) у в. Скокі Брэсцкага раёна.

 

Аргкамітэт рэспубліканскай канферэнцыі дзякуе ўсім удзельнікам за высокую зацікаўленасць і садзейнічанне ў правядзенні мерапрыемства і выказвае надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: