Рэспубліканская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Адукацыйнае асяроддзе як фактар фарміравання агульнай і прафесійнай культуры асобы»

У рамках комплексу мер па рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў Брэсцкай вобласці 29 красавіка 2016 года адбылася Рэспубліканская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Адукацыйнае асяроддзе як фактар фарміравання агульнай і прафесійнай культуры асобы». Арганізатарамі канферэнцыі выступілі кафедра педагогікі БрДУ імя А.С. Пушкіна і аддзел па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся прарэктар па навуковай працы і эканоміцы, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт А.Я. Будзько.

Адкрыў пленарнае пасяджэнне канферэнцыі кіраўнік аддзела па справах моладзі Ю.С. Сегянюк з дакладам «Рэалізацыя дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў Брэсцкай вобласці». Працу пленарнага пасяджэння працягнулі выступленні навучэнцаў ДУА «Гімназія № 6 г. Брэста імя Маршала Савецкага Саюза Жукава Г.К.» і студэнтаў БрДУ імя А.С. Пушкіна і БарДУ. Даклады на пленарным пасяджэнні выклікалі непадробную цікавасць у прысутных.

Шырокі спектр актуальных праблем адукацыі абмяркоўваўся на 6 секцыях: «Адукацыйнае асяроддзе як умова развіцця асобы», «Адукацыйнае асяроддзе як умова самаразвіцця, самарэалізацыі асобы», «Адукацыйнае асяроддзе як умова фарміравання грамадзянскай культуры асобы», «Адукацыйнае асяроддзе як умова развіцця духоўна-маральнай культуры асобы», «Сямейнае і гендарнае выхаванне навучэнцаў: традыцыі і інавацыі. Выхаванне культуры быту і вольнага часу навучэнцаў ва ўмовах сучаснай сацыякультурнай сітуацыі», «Прафесійная падрыхтоўка будучых спецыялістаў. Адукацыйнае асяроддзе як умова інклюзіўнай адукацыі».

Яркай «разыначкай» канферэнцыі стаў майстар-клас па правядзенні дыялогу-кафэ «Настаўнік новай школы», арганізаваны камандай студэнтаў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам кандыдата педагагічных навук, дацэнта БарДУ В.І. Козел.

У працы канферэнцыі ўзялі ўдзел звыш 105 чалавек, 96 дакладаў прагучала. Сярод удзельнікаў былі навучэнцы абласнога ліцэя імя П.М. Машэрава, гімназіі № 6 г. Брэста, выкладчык Політэхнічнага каледжа г. Брэста, выкладчыкі і студэнты Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі і Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта, аспірант Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта, магістрант Саратаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.Г. Чарнышэўскага, дэфектолаг-лагапед з г. Баку (Азербайджан). БрДУ імя А.С. Пушкіна на канферэнцыі прадстаўляла каля 90 студэнтаў.

Канферэнцыя дазволіла ўдзельнікам набыць каштоўны вопыт навуковага даследавання, публічнага выступлення, абмеркавання пададзеных дакладаў. Па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніка артыкулаў.

І.Г. Матыцына,
кафедра педагогікі

Падзяліцца: