Рэспубліканская ўніверсіяда-2017 па бадмінтоне

У перыяд з 13 па 16 сакавіка ў Мінску пад дахам гасціннай спецыялізаванай залы па бадмінтоне ГА «Беларуская федэрацыя бадмінтона» прайшлі фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскай універсіяды-2017 па бадмінтоне. У турніры прынялі ўдзел 58 студэнтаў з 15 устаноў вышэйшай адукацыі, у тым ліку 1 майстар спорту міжнароднага класа, 6 майстроў спорту, 11 кандыдатаў у майстры спорту, 10 бадмінтаністаў I разраду і 30 – II разраду. У праграму спаборніцтваў па гэтаму віду спорту, які, дарэчы, уваходзіць у тройку самых цяжкіх па фізічных нагрузках сярод гульнявых відаў, уваходзілі змаганні ў адзіночных катэгорыях сярод мужчын, адзіночных катэгорыях сярод жанчын, парных катэгорыях і мікстах.

Бадмінтон стаў алімпійскім відам спорту ў 1992 годзе. Упершыню ў праграму Рэспубліканскай універсіяды ён быў уключаны ў 2015 годзе, але тады з-за адсутнасці спартсменаў па гэтаму віду спорту наш універсітэт каманду не выстаўляў. У 2016 годзе няпоўная каманда нашага ўніверсітэта заняла ганаровае 4-е месца сярод устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі.

У гэтым годзе каманду нашага ўніверсітэта прадстаўлялі:

  • Вярбіцкая Мар’яна, майстар спорту (факультэт фізічнага выхавання, 2 курс);
  • Дзюба Алена, кандыдат у майстры спорту (юрыдычны факультэт, 2 курс);
  • Кожанаў Уладзіслаў, 2 разрад (факультэт фізічнага выхавання, 2 курс);
  • Лукашэвіч Аляксей, 2 разрад (факультэт фізічнага выхавання, 3 курс).

Няўдалая жараб’ёўка перашкодзіла Уладзіславу і Аляксею прынесці адчувальную колькасць ачкоў у скарбонку каманды. Затое нашы «каралевы ракеткі і валана» разгарнуліся ва ўсёй сваёй красе: па выніках спаборніцтваў у катэгорыі «жаночая пара» Алена і Мар’яна падняліся на трэцюю прыступку п’едэстала, у адзіночнай катэгорыі сярод жанчын Алена Дзюба стала чацвёртай, а вось Мар’яна Вярбіцкая не пакінула ніводнага шанцу сваім саперніцам і заняла заслужанае першае месца.

Прызёры і пераможцы асабістых спаборніцтваў былі ўзнагароджаны медалямі, дыпломамі, каштоўнымі падарункамі і адметнымі прызамі Першага Беларускага Бадмінтоннага Клуба – натуральнымі ізатанічнымі напоямі «Ізалайф».

У агульнакамандным заліку наш універсітэт падняўся на 4-е месца, саступіўшы камандам з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання і спартклуба

Падзяліцца: