Рынга: старт новага сезона

6-8 кастрычніка адбыўся першы этап University Ringo Open-2015/16. Спаборніцтвы ў гэтым навучальным годзе прысвечаны 70-годдзю са дня ўтварэння ўніверсітэта. Як звычайна, у канцы кожнага месяца пройдуць турніры для ўдзельнікаў, якія не толькі вызначаць пераможцаў, але і дадуць магчымасць набраць рэйтынгавыя балы ў агульным заліку. Па выніках мінулага сезона тройка лідараў была прадстаўлена студэнтамі трэцяга курса факультэта фізічнага выхавання Ільёй Ліштванам, Дзмітрыем Капыловым і Аляксандрам Мінкевічам. Трэба дадаць, што студэнты-выпускнікі, якія спецыялізуюцца ў рынга, па заканчэнні курса навучання атрымліваюць імянныя сертыфікаты ад Федэрацыі рынга Рэспублікі Беларусь, што даюць права навучання гэтай гульні на тэрыторыі краіны. Такія сертыфікаты за подпісам старшыні Беларускай федэрацыі рынга Івана Коўтуна былі атрыманы выпускнікамі нашай ВНУ Віталем Іванюком і Міхаілам Кепцюхам.

Гульні першага этапу бягучага сезона прайшлі ў напружанай спаборніцкай барацьбе. Асноўныя падзеі разгарнуліся ў фінальнай групе, якую склалі Ілья Кандратовіч, Ілья Ліштван, Аляксандр Молаш і Павел Цімашук. Натуральна, што шанцы на перамогу Ільі Ліштвана, які з’яўляецца бясспрэчным лідарам на працягу ўсяго года, ацэньваліся найбольш выразна. Аднак Аляксандр Молаш, які першынстваваў у кваліфікацыі, у паўфінале ўпэўнена разабраўся з Паўлам Цімашуком з лікам 11: 7, а ў фінале не пакінуў шанцаў Ільі Ліштвану – 15: 9. Трэба прызнаць, што пераможца турніру Аляксандр Молаш зрабіў імклівы рывок у павышэнні свайго майстэрства. Калі раней яму не хапала кідковай тэхнікі і псіхалагічнай настроенасці, то ў названых спаборніцтвах быў бачны значны прагрэс у гэтых адносінах. Трэцім прызёрам стаў Ілья Кандратовіч. Такім чынам, пасля першага індывідуальнага этапу University Ringo Open-2015/16 тройка лідараў прадстаўлена ў парадку чарговасці занятых месцаў Аляксандрам Молашам, Ільёй Ліштванам і Ільёй Кандратовічам. Чарговы турнір адбудзецца ў канцы кастрычніка гэтага года.

Павел Цімашук,
студэнт IV курса факультэта фізічнага выхавання,
капітан зборнай каманды ўніверсітэта па рынга

Падзяліцца: