«Сад цішыні»

7 красавіка 2016 года, амаль праз год з моманту ўрачыстай закладкі на Пагранічным востраве яблыневага Саду цішыні, студэнты біялагічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна, памежнікі і спецыялісты цэнтра экалогіі пасадзілі там новыя саджанцы.

Ініцыятарамі правядзення гэтай эколага-патрыятычнай акцыі выступілі студэнты і выкладчыкі БрДУ. Ініцыятыву падтрымалі супрацоўнікі УУС і вайскоўцы Брэсцкай памежнай групы. Да акцыі далучыліся прадстаўнікі Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Усяго ў складзе працоўнага дэсанту на востраве высадзілася больш за 20 чалавек. Многія з іх маюць у Садзе свае «імянныя» яблыні, так як прымалі ўдзел у яго закладцы.

Падчас акцыі былі выдалены пашкоджаныя дрэўцы, замест іх высаджаны новыя – у гонар 75-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. «Новыя саджанцы былі вырашчаны ў нашым аграбіялагічным дэндрарыі, які знаходзіцца на тэрыторыі былога форта № 9, – кажа в.а. начальніка цэнтра экалогіі БрДУ І.М. Якавук. – Так што тут ёсць пэўны сімвалізм». Акрамя таго, удзельнікі акцыі ачысцілі ад смецця берагавую лінію ракі Заходні Буг і прывялі ў парадак тэрыторыю каля абеліска загінуўшым у першыя дні вайны воінам-памежнікам. Начальнік аддзела арганізацыйнай і кадравай працы Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мычко Сяргей Мікалаевіч правёў для студэнтаў адкрыты гістарычны ўрок аб падзеях, якія адбываліся на востраве Пагранічным ў чэрвені 1941-га.

Ужо ў маі дрэвы павінны зацвісці і ўдыхнуць у крэпасць яблыневы колер Перамогі.

Падзяліцца: