«Сам-насам з праблемай»

7 чэрвеня на базе інтэрната № 4 нашага ўніверсітэта адбылося мерапрыемства па тэхналогіі «Форум-тэатр», накіраванае на зніжэнне стыгмы ў адносінах да людзей, закранутых праблемай туберкулёзу. Яно было рэалізавана па ініцыятыве Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Пераможам туберкулёз разам» у рамках праекта «Амбулаторнае лячэнне туберкулёзу – час для нас, грошы для краіны, здароўе для ўсіх».

Студэнтам нашага ўніверсітэта быў прадстаўлены форум-спектакль «Сам-насам з праблемай», падчас якога разыгрывалася канкрэтная, загадзя спланаваная і адрэпетыраваная сцэна, што адлюстроўвае стыгматызацыю грамадствам людзей, закранутых праблемай туберкулёзу. У якасці праблемы разглядалася сітуацыя з гераіняй Лізай, якая прайшла лячэнне ад туберкулёзу і вярнулася ў інтэрнат пасля акадэмічнага адпачынку. Пазіцыю грамадскасці ў адносінах да праблемы падавала гераіня Карына, якая ўсяляк спрабавала выжыць дзяўчыну са студэнцкага калектыву.

Удзельнікам мерапрыемства была дадзена магчымасць змяніць названы сцэнарый і не дазволіць развіцца гэтай трагедыі. Любы ахвотны студэнт мог сказаць «стоп», выйсці на сцэну замест якога-небудзь акцёра (акрамя Карыны) і паспрабаваць змяніць сітуацыю да лепшага, прапаноўваючы сваё бачанне вырашэння праблемы. Спецыфіка тэхналогіі «Форум-тэатр» такая, што з боку гледача ідзе пастаянны пошук вырашэння праблемы і прапрацоўваюцца новыя шляхі выхаду з яе. Магчымасць пабыць на месцы герояў спектакля дазваляе ўдзельнікам адчуць ўсё, што адбываецца, на сабе і прадумаць свае паводзіны ў падобнай сітуацыі.

У арганізацыі мерапрыемства прынялі ўдзел Галіна Цецерава і Анастасія Яхнавец (фізіка-матэматычны факультэт, 1 курс), Валянціна Бялко (сацыяльна-педагагічны факультэт, 3 курс), Марыя Кавалёва (факультэт замежных моў, 2 курс), Наталля Крыловіч (юрыдычны факультэт, 2 курс) і Галіна Карабчук (педагог-арганізатар студэнцкага гарадка ўніверсітэта). Арганізатары форум-спектакля з 26 па 28 мая праходзілі навучанне на «Майстар-класе па выкарыстанні тэхналогіі "Форум-тэатр" з правядзеннем інфармацыйнай сесіі па пытаннях туберкулёзу» ў п. Ратамка Мінскага раёна. Таксама ў мерапрыемстве былі задзейнічаны супрацоўнікі РГА «Пераможам туберкулёз разам» Алена Радзівонава і Наталля Крыштафовіч, якія падалі ўдзельнікам інфармацыю па пытаннях сучасных падыходаў да прафілактыкі і лячэння туберкулёзу.

На завяршэнне мерапрыемства студэнты атрымалі ад арганізатараў пажаданне: «Беражыце адзін аднаго, паважайце жыццё і правы людзей, якія знаходзяцца побач з вамі! І памятайце, што ТУБЕРКУЛЁЗ МОЖНА ВЫЛЕЧЫЦЬ! Чалавек, які пачаў ці працягвае лячэнне, не небяспечны для грамадства!»

Азнаёміцца з дадатковай інфармацыяй аб мерапрыемстве вы можаце, перайшоўшы па спасылках:

Карабчук Г.С., педагог-арганізатар

Падзяліцца: