Семінар «Актуальныя пытанні бяспечных паводзін у сетцы Інтэрнэт і прафілактыкі кіберзлачыннасці»

18 красавіка 2017 года ў БрДУ імя А.С. Пушкіна ў рамках рэалізацыі рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па прававой асвеце грамадзян на 2016-2020 гады адбыўся семінар «Актуальныя пытанні бяспечных паводзін у сетцы Інтэрнэт і прафілактыкі кіберзлачыннасці». Арганізатарам семінара выступіў аддзел выхаваўчай працы з моладдзю пры ўдзеле УУС Брэсцкага аблвыканкама.

У працы семінара прынялі ўдзел намеснікі дэканаў па выхаваўчай працы, куратары вучэбных груп 1 курса, педагагічныя работнікі інтэрнатаў студэнцкага гарадка, спецыялісты аддзела выхаваўчай працы з моладдзю, старшыні і намеснікі старшынь саветаў студэнцкага самакіравання факультэтаў.

Адкрываючы семінар, начальнік аддзела выхаваўчай працы з моладдзю Таццяна Мікалаеўна Кошык падкрэсліла неабходнасць пастаяннай сістэмнай работы па прафілактыцы супрацьпраўных дзеянняў студэнцкай моладзі і па прававой адукацыі педагагічных работнікаў і навучэнцаў з улікам імклівага развіцця інфармацыйных тэхналогій.

Перад удзельнікамі семінара выступіў начальнік аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Брэсцкага УУС аблвыканкама Ракаць Андрэй Вячаслававіч.

Падчас актыўнай гутаркі падымаліся пытанні аб правілах бяспечных паводзін у сацыяльных сетках, выкарыстання банкаўскіх пластыкавых картак, спосабах абароны асабістай і карпаратыўнай інфармацыі на электронных носьбітах, прававой адказнасці за кіберзлачынствы.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: