Семінар «Маршрут бяспекі» ў рамках сацыяльнага праекта «Здаровае пакаленне»

Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба ўніверсітэта сумесна з ДУ «Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» працягваюць рэалізоўваць сацыяльны праект «Здаровае пакаленне».

15 лютага адбылося чарговае мерапрыемства ў рамках праекта, прымеркаванае да Рэспубліканскага дня прафілактыкі інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам – семінар «Маршрут бяспекі».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты першага курса геаграфічнага, біялагічнага, гістарычнага, сацыяльна-педагагічнага, юрыдычнага, філалагічнага, псіхолага-педагагічнага факультэтаў і факультэта замежных моў.

Пасля разгорнутага выкладу гасцямі інфармацыі навучэнцы прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні пытанняў, што маюць адносіны да маральна-палавога выхавання моладзі, фарміравання ўсвядомленага і адказнага стаўлення студэнтаў да свайго здароўя як да найважнейшай жыццёвай каштоўнасці.

Доктар акушэр-гінеколаг медыка-генетычнай кансультацыі УАЗ «Брэсцкі абласны радзільны дом» Гайдучык Ірына Мікалаеўна расказала пра асаблівасці лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў пры планаванні цяжарнасці і ахове здароўя цяжарных і маці, а таксама раскрыла праблему абортаў і іх наступстваў сярод моладзі.

Загадчык арганізацыйна-метадычнага кабінета УАЗ «Брэсцкі абласны скурнавенералагічны дыспансер» Кажамячанка Аляксандр Паўлавіч асвятліў перад удзельнікамі семінара праблему распаўсюджанасці інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам, і іх уплыву на рэпрадуктыўнае здароўе чалавека.

На завяршэнне семінара спецыяліст ДУ «Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» Чарнуха Вера Вячаславаўна раздала ўсім прысутным інфармацыйныя буклеты прафілактычнай накіраванасці і заклікала навучэнцаў да выканання правіл здаровага ладу жыцця.

Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба

Падзяліцца: