Семінар «Рэгіянальныя СМІ ў сучаснай медыйнай прасторы»

26 мая кафедра журналістыкі правяла традыцыйны майскі семінар «Рэгіянальныя СМІ ў сучаснай медыйнай прасторы». Удзельнікамі мерапрыемства сталі рэдактары і журналісты СМІ Брэста і Брэсцкай вобласці, выкладчыкі кафедры журналістыкі і студэнты спецыяльнасці «Журналістыка (друкаваныя СМІ)». З прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму звярнуліся дэкан філалагічнага факультэта Вольга Фелькіна і начальнік аддзела па працы са СМІ Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Ляўковіч.

Праблемнае поле семінара ўключала актуальныя пытанні тэорыі і практыкі рэгіянальнай журналістыкі. Аб неабходнасці мяняць стратэгію зносін з сучасным чытачом гаварыў у сваім выступленні галоўны рэдактар газеты «Навіны Камянеччыны» Віктар Дулевіч. Аб арганізацыі працы рэдакцыі раённага выдання і шляхах павышэння яе эфектыўнасці разважаў журналіст газеты «Маяк» Мікалай Сінкевіч. Уласны карэспандэнт газеты «СБ. Беларусь сегодня» Ганна Петрачэнка акрэсліла шэраг пытанняў, звязаных з праходжаннем вытворчай практыкі студэнтамі-журналістамі. Дацэнт кафедры журналістыкі Святлана Клундук акцэнтавала ўвагу на беларускамоўным кантэнце СМІ рэгіёна.

У абмеркаванні заяўленых пытанняў прынялі ўдзел: член праўлення ГА «Беларускі саюз журналістаў» Георгій Тамашэвіч, намеснік галоўнага рэдактара абласной газеты «Народная трыбуна» Адам Ліпскі, карэспандэнт раённай газеты «Заря над Бугом» Алеся Пашкевіч, рэдактар раённай газеты «Полесская правда» Віялета Падлужная і іншыя прадстаўнікі рэгіянальных СМІ.

Пры падвядзенні вынікаў працы семінара было прынята рашэнне аб правядзенні т. зв. «лятучак» на базе кафедры журналістыкі з мэтай абмеркавання надзённых пытанняў журналісцкай практыкі і працэсу падрыхтоўкі маладых спецыялістаў.

На семінары былі таксама падведзены вынікі 2-га этапу фотавыставы «Першацвет», прымеркаванага да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі прызамі.

Кафедра журналістыкі

Падзяліцца: