Семінар-трэнінг у межах міжнароднага праекта «Садзейнічанне развіццю кампетэнцый у беларускай вышэйшай адукацыі» (FOSTERC)

У рамках міжнароднага праекта «Садзейнічанне развіццю кампетэнцый у беларускай вышэйшай адукацыі» (FOSTERC) 21 лістапада 2017 года ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна прайшоў семінар-трэнінг, які быў прысвечаны інтэграцыі вышэйшай адукацыі ў Еўропе і асвятляў асноўныя пытанні распрацоўкі адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі на аснове кампетэнтнаснага падыходу.

З боку еўрапейскіх партнёраў у семінары-трэнінгу прынялі ўдзел эксперты з Політэхнічнага ўніверсітэта Валенсіі (Іспанія), Універсітэта Турку (Фінляндыя), Літоўскага ўніверсітэта адукацыйных навук (Літва) і Універсітэта Беластока (Польшча).

Удзельнікамі семінара сталі дэканы, загадчыкі кафедраў і прадстаўнікі факультэтаў, якія займаюцца распрацоўкай навучальных праграм, а таксама прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна г. Брэста.

Прысутных прывітаў прарэктар па навуковай працы БрДУ імя А.С. Пушкіна А.Я. Будзько, які расказаў пра месца ўніверсітэта ў сістэме вышэйшай адукацыі Беларусі, пра формы і тэндэнцыі міжнароднага супрацоўніцтва БрДУ.

Удзельнік праектнай каманды, дэкан факультэта замежных моў С.М. Севярын прадставіў даклад аб праблемах і перспектывах інтэграцыі Рэспублікі Беларусь у еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Ён адзначыў неабходнасць рэалізацыі трансдысцыплінарнага, міждысцыплінарнага і метапрадметнага падыходаў, актуальных для Балонскай сістэмы, пры праектаванні кампетэнтнаснай мадэлі вышэйшай педагагічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

У дакладзе доктара Хасэ Фелікса Лазана (Іспанія) прагучалі асноўныя тэарэтычныя палажэнні кампетэнтнаснага падыходу ў еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Доктар Катажына Шорц (Польшча) расказала аб еўрапейскай сістэме пераносу заліковых адзінак (ECTS) і пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з рэалізацыяй гэтай сістэмы ва Універсітэце Беластока.

Асаблівую практычную цікавасць прысутных выклікаў даклад калегаў з Літвы, доктара Юргі Цыбулскене і доктара Ангеле Каўшылене, у якім былі пададзены дзесяць этапаў распрацоўкі адукацыйнай праграмы ў рэчышчы кампетэнтнаснага падыходу.

Доктар Енні Канкаанпяа (Фінляндыя) спынілася на змесце і спосабах ацэнкі вынікаў навучання, якія дазваляюць рэалізаваць асобасна-арыентаваны падыход у еўрапейскай сістэме вышэйшай адукацыі.

Безумоўна, цікавым і інфарматыўным для ўсіх удзельнікаў семінара быў яго тэарэтычны блок, дзе ўсе маглі пераканацца ў высокім узроўні кампетэнтнасці трэнераў і экспертаў. Вельмі плённая стала і практычная праца ў групах, дзе выкладчыкі змаглі выкарыстаць прадстаўленую інфармацыю ў працэсе праектавання адукацыйнай праграмы ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу. Якаснай працы спрыялі распрацаваныя трэнерамі раздатачныя матэрыялы, а таксама суправаджэнне і аператыўная дапамога экспертаў.

На семінары была створана вельмі спрыяльная атмасфера, якая аб’ядноўвала намаганні ўсіх яго ўдзельнікаў, спрыяла канструктыўнаму ўзаемадзеянню і паспяховаму дасягненню пастаўленых мэтаў. З упэўненасцю можна сцвярджаць: семінар атрымаўся выніковым, цікавым і карысным. Каштоўнасць семінара бачыцца і ў тым, што ён вызначыў контуры, перспектывы далейшай працы нашых ВНУ па рэалізацыі дарожнай карты інтэграцыі Рэспублікі Беларусь у еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі, дазволіў пазнаёміцца з інавацыйным вопытам вырашэння многіх практычных праблем у аспекце праектавання адукацыйных праграм і педагагічных сістэм ва ўмовах рэалізацыі кампетэнтнаснай мадэлі вышэйшай адукацыі.

Кавальчук Таццяна Аляксандраўна,
загадчык кафедры педагогікі

Падзяліцца: