Штогадовы Конкурс відэапраектаў на факультэце замежных моў

31 сакавіка на факультэце замежных моў прайшло падвядзенне вынікаў другога штогадовага Конкурсу відэапраектаў (на нямецкай мове). Да ўвагі ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства былі прадстаўлены лепшыя відэапраекты гэтага года. Свае працы на конкурс падалі не толькі студэнты факультэта замежных моў, але і прадстаўнікі іншых устаноў адукацыі г. Брэста: СШ № 7, Ліцэй № 1 імя А.С. Пушкіна, Політэхнічны каледж.

Арганізатары мерапрыемства звязалі тэматыку конкурсу з абвешчаным у 2016 годзе ў Рэспубліцы Беларусь Годам культуры. Тэматычнымі палямі, у рамках якіх удзельнікі конкурсу рыхтавалі свае праекты, сталі: «Культурная традыцыя», «Культура самавыяўлення», «Культура зносін», «Культурная спадчына».

Сярод работ, прадстаўленых на конкурс, былі відэапраекты, што прысвечаны традыцыйным святам («Масленіца»), адлюстроўваюць нацыянальную спецыфіку («Стэрэатыпы аб Беларусі», «Брэст – культурная сталіца»), выяўляюць меркаванне сучаснай моладзі («Што такое індывідуальнасць?»). Актыўна праявілі сябе замежныя студэнты факультэта замежных моў, прадставіўшы праекты «Наўруз Байрам», «Коні-Ургенч», «Культурная спадчына ЗША».

Пададзеныя на конкурс работы ацэньваліся кампетэнтным журы па такіх крытэрыях, як інфарматыўнасць матэрыялу, афармленне, фанетычная, граматычная і лексічная пісьменнасць, дакладнасць інфармацыі і арыгінальнасць ідэі. У ходзе падвядзення вынікаў усім былі ўручаны сертыфікаты ўдзельніка конкурсу, а пераможцам – дыпломы, падарункі і салодкія прызы ад прафкама студэнтаў. Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам:

  • першае месца заняла каманда групы АН 204 факультэта замежных моў з відэа, што расказвае аб традыцыйным і нязменным беларускім прадукце харчавання – бульбе;
  • другое месца было аддадзена прадстаўніцы СШ № 7 Аляксандры Кузняцовай з праектам «Стэрэатыпы аб Беларусі»;
  • трэцяе месца дасталося камандзе Ліцэя № 1 імя А.С. Пушкіна за праект «Масленіца».

Асобнай намінацыяй «Лепшая агучка відэараду» адзначана работа творчага калектыву групы САН 407 факультэта замежных моў за праект «Брэст – культурная сталіца».

Арганізатары Конкурсу дзякуюць за праяўленую цікавасць да мерапрыемства і якасныя разнастайныя праекты.

Аляксандра Гусева,
рэдактар факультэцкай газеты

Падзяліцца: