«Скарбонка біяфака»

На біялагічным факультэце з 20 па 30 кастрычніка праходзіць выстава-прэзентацыя «Скарбонка біяфака», прымеркаваная да 70-годдзя БрДУ імя А.С. Пушкіна. На выставе прадэманстраваны дасягненні выкладчыкаў і студэнтаў факультэта ў навуковай і метадычнай працы. Кожная з трох яго кафедраў шырока прадставіла навукова-метадычную літаратуру, вучэбна-метадычныя комплексы і вучэбна-метадычныя дапаможнікі, а таксама зборнікі матэрыялаў навуковых і навукова-практычных канферэнцый. Наведвальнікі выставы могуць пазнаёміцца з дысертацыямі выкладчыкаў, навуковымі працамі студэнтаў-пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу навуковых прац студэнтаў.

Асаблівую цікавасць у гасцей выставы выклікаюць адабраныя ўнікальныя навуковыя публікацыі выкладчыкаў і студэнтаў на мяжы стагоддзяў. Асобна хацелася б адзначыць адбітак артыкула «Прагназаванне лінькі гарнастая» прафесара кафедры заалогіі і генетыкі, доктара біялагічных навук Гайдука Васіля Емяльянавіча ў часопісе «Паляванне і паляўнічая гаспадарка» (№ 9, 1980). У гэтым артыкуле Гайдук В.Е., будучы дацэнтам Брэсцкага педінстытута, кандыдатам біялагічных навук, прывёў геаграфічную карту СССР, на якой адзначыў дадзеныя аб сярэдніх шматгадовых тэрмінах заканчэння лінькі гарнастая. Выкарыстанне прыведзеных дадзеных да гэтага часу дазваляе паспяхова прагназаваць тэрміны спеласці футра ў паляўнічых гаспадарках без кантрольнага адстрэлу асобін.

Адкрываючы выставу, дэкан біялагічнага факультэта У.І. Бойка адзначыў, што прадстаўленая экспазіцыя не толькі дазволіць пазнаёміцца з напрамкамі развіцця біялагічнага факультэта на сучасным этапе, але і будзе спрыяць павышэнню ўзроўню навукова-даследчай і вучэбна-метадычнай працы ў рамках рашэння задач удасканалення біялагічнай адукацыі ў ВНУ.

Запрашаем наведаць нашу выставу, размешчаную ў аўд. 626.

Кафедра заалогіі і генетыкі

Падзяліцца: