Студатрады, наперад!

24 мая 2017 года ва ўнутраным дворыку нашага ўніверсітэта адбылася ўрачыстая лінейка, прысвечаная адкрыццю Трэцяга працоўнага семестра «Лета–2017». Лінейка сабрала тых, хто любіць актыўны адпачынак і хоча прыняць удзел у дзейнасці студэнцкіх атрадаў. Летам гэтага года студэнты будуць працаваць у загарадных дзіцячых аздараўленчых лагерах, на палях аграпрадпрыемстваў, выконваць рамонтныя работы ва ўніверсітэце, удзельнічаць у прыёмнай кампаніі БрДУ і інш.

Старт Трэцяга працоўнага семестра дала прарэктар па выхаваўчай працы Таццяна Сакалова, уручыўшы кіраўнікам студатрадаў працоўныя пуцёўкі. У сваім звароце да рабят Таццяна Васільеўна адзначыла, што кіраўніцтва ўніверсітэта ганарыцца высокай паспяховасцю навучэнцаў і іх жаданнем працаваць на карысць роднай Беларусі.

Сёння студатрадаўскі рух працягвае слаўныя традыцыі студэнцтва і дае старт новым распачынанням. Рабяты, якія ўступаюць у студэнцкія атрады, упэўненыя, што гэты рух – не толькі праца і магчымасць зарабіць грошы, але і зносіны з новымі людзьмі, і набыццё дадатковых прафесійных навыкаў, што абавязкова спатрэбяцца ў жыцці. Моладзь імкнецца годна несці сцяг першых студэнцкіх атрадаў і памнажаць іх славу, тым самым дэманструючы сваё пачуццё адказнасці за будучыню нашай краіны.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: