Студэнцкі адпачынак на Ахтубе

З 11 па 17 ліпеня на базе Валгаградскага дзяржаўнага сацыяльна-педагагічнага ўніверсітэта (ВДСПУ) была арганізавана Міжнародная летняя навукова-даследчая школа маладых вучоных-філолагаў «Летнія ахтубінскія чытанні – 2016». Мерапрыемства прайшло пры непасрэдным удзеле прадстаўнікоў Рускага культурна-адукацыйнага цэнтра імя А.С. Пушкіна нашага ўніверсітэта.

Студэнцкі спартыўна-аздараўленчы лагер ВДСПУ «Марафон», размешчаны на маляўнічым беразе ракі Ахтуба, прыняў у сваіх сценах студэнтаў і аспірантаў філалагічных факультэтаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Данецкага нацыянальнага ўніверсітэта (ДонНУ), Крымскага інжынерна-педагагічнага ўніверсітэта (КІПУ), а таксама студэнтаў самога ВДСПУ.

Арганізатарамі была прапанавана насычаная праграма летняй студэнцкай школы, якая ўключала як інтэлектуальна-творчыя мерапрыемствы, так і культурны адпачынак студэнтаў.

На сустрэчу з удзельнікамі лагера былі запрошаны вядомыя расійскія вучоныя-філолагі, сярод якіх доктар філалагічных навук, прафесар ВДСПУ, лінгвіст Васіль Паўлавіч Масквін, які прачытаў лекцыю на тэму «Стылістыка рэсурсаў рускай мовы»; доктар філалагічных навук, прафесар Валгаградскай акадэміі МУС Расіі, літаратуразнаўца Наталля Сяргееўна Пракурава, якая выступіла з лекцыяй «Маральна-псіхалагічныя аспекты праблемы злачынства і пакарання ў рускай літаратуры другой паловы ХIХ ст.», і іншыя навукоўцы. Студэнты прымалі ўдзел у круглых сталах і панэльных дыскусіях, прысвечаных абмеркаванню актуальных пытанняў сучаснай рускай літаратурнай мовы і літаратуры.

Удзельнікі лагера прадэманстравалі свой філалагічны талент у камандных спаборніцтвах «Што? Дзе? Калі?» і «Лінгвістычны КВЗ». Іх праграмы дазволілі студэнтам праявіць сваю філалагічную эрудыцыю, кемлівасць, пачуццё гумару, уменне працаваць у камандзе.

У адзін з дзён летняй школы быў праведзены Фестываль нацыянальных культур. На фестывалі ўдзельнікі з розных краін прадставілі прэзентацыі аб сваім родным горадзе і ўніверсітэце, дэкламавалі вершы, паказвалі інсцэніроўкі вядомых казак, выконвалі песні на роднай мове. У гульнявой форме і з выкарыстаннем мультымедыя-тэхналогій выкладчыкі ВДСПУ на матэрыяле афарыстычнага фальклору розных славянскіх народаў прадэманстравалі студэнтам падабенства і адрозненні рускай, беларускай, украінскай, польскай, чэшскай і балгарскай моў і культур.

У вольны час удзельнікі лагера былі на аглядавых экскурсіях па Валгаградзе, пабывалі на Цэнтральнай набярэжнай, Плошчы Загінуўшых Змагароў, у Доме Паўлава, а таксама на Мамаевым кургане. Студэнты атрымалі магчымасць наведаць гандлёва-забаўляльныя цэнтры Валгаграда, пакатацца на цеплаходзе па Волзе, пагуляць у валейбол і баскетбол.

Летняя школа падарыла яе ўдзельнікам сяброўскія зносіны з аднадумцамі, знаёмства з прадстаўнікамі філалагічнай навуковай супольнасці з розных краін, адкрыла новыя гарызонты ў іх даследчай і адукацыйнай дзейнасці.

Міжнародная летняя навукова-даследчая школа маладых вучоных-філолагаў «Летнія ахтубінскія чытанні – 2016» адбылася дзякуючы фінансавай падтрымцы Фонду «Рускі свет», Валгаградскага дзяржаўнага сацыяльна-педагагічнага ўніверсітэта і адміністрацыі г. Валгаграда.

Студэнты філалагічнага факультэта
Тарасевіч А., V курс,
Кучынская Я., IV курс

Падзяліцца: