Студэнты гістарычнага факультэта вярнуліся з Міжнароднага моладзевага фестывалю ў Польшчы

З 19 па 25 мая 2014 года дэлегацыя студэнтаў гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна наведвала польскі горад Кросна ў Падкарпацкім ваяводстве, дзе прыняла ўдзел у Міжнародным моладзевым фестывалі (XV Krośnieńskie Juwenalia), прысвечаным 15-гадоваму юбілею Дзяржаўнай вышэйшай прафесійнай школы (PWSZ) імя Станіслава Піганя.

Студэнты-гісторыкі мелі магчымасць пазнаёміцца ​​з паўднёва-ўсходнім польскім гарадком Кросна, які знаходзіцца ў перадгор’ях Карпат на р. Віслоцы недалёка ад славацкай і ўкраінскай межаў. Горад мае багатую 730-гадовую гістарычную і культурную спадчыну, з’яўляецца цэнтрам павета. Гэта найбуйнейшы польскі цэнтр шкляной прамысловасці і машынабудавання. Непадалёк ад яго дзейнічаюць нафтаздабывальныя кампаніі.

Студэнты сустрэліся з кіраўніцтвам і выкладчыкамі Дзяржаўнай вышэйшай прафесійнай школы імя Станіслава Піганя ў г.Кросна, названай у гонар вядомага польскага гісторыка літаратуры, педагога і мемуарыста, заснаванай у 1999 г. Тэрмін навучання ў 3 ці 3,5 гады дазваляе выпускнікам атрымаць ступень бакалаўра або кваліфікацыю інжынера і ў далейшым працягваць навучанне ў магістратуры ўніверсітэтаў Кракава, Жэшува і Любліна.

Самай галоўнай падзеяй стала ўрачыстае пасяджэнне Вучонага савета (Senatа) Дзяржаўнай вышэйшай прафесійнай школы імя Ст.Піганя, якое праходзіла ў Рэгіянальным цэнтры культур памежжа. Рэктар на беларускай мове вітаў групу з нашага ўніверсітэта. Гжэгож Пшэбінда падкрэсліў неабходнасць супрацоўніцтва ў галіне навукі і культуры.

На канцэрце студэнцкіх груп гісторыкі (Аляксандр Шалонік, Антаніна Саланец, Іван Равуцкі, Марыя Сівякова, Раман Жыткоўскі і Алёна Рабая) станцавалі народны беларускі танец “Верабей”.

На наладжанай выставе мастацкіх прац студэнтаў былі адзначаны працы Марыі Сівяковай.

Паводле традыцыі, якая склалася, пасля афіцыйнай часткі ўсе студэнты ва ўрачыстых парадных касцюмах накіраваліся на галоўную гарадскую плошчу, дзе прэзідэнт горада ўручыў навучэнцам сімвалічныя ключы ад горада.

Група студэнтаў з Брэста атрымала незабыўныя ўражанні ад цікавых экскурсійных праграм у Музей шкла г.Кросна, Траецкі касцёл, гарадскую вежу-званіцу, музей нафтавай прамысловасці рэгіёна.

Выказваем шчырыя словы падзякі кіраўніцтву ўніверсітэта і факультэта за магчымасць прыняць удзел у такім выдатным мерапрыемстве.

Гістарычны факультэт

Падзяліцца: