Сустрэча з юнацтвам

25 чэрвеня 2016 года філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна сустракаў самых дарагіх гасцей – сваіх выпускнікоў. Тыя, хто атрымаў дыплом настаўніка-славесніка 50 гадоў таму, яшчэ вучыліся ў корпусе на вуліцы Карла Маркса (у гэтым будынку зараз краязнаўчы музей). Тыя, хто скончыў факультэт 40 гадоў таму (тады ён яшчэ называўся «літфак»), успаміналі, як удзельнічалі ў будаўніцтве спартыўнага комплексу, за што студэнты другой брэсцкай ВНУ дражнілі іх «батракамі». Толькі ў 80-я гады, пасля будаўніцтва новага корпуса, філалагічны факультэт заняў трэці паверх старога будынка па вуліцы Міцкевіча, дзе і цяпер «гадуе» настаўнікаў-славеснікаў і журналістаў, навукоўцаў-філолагаў і пісьменнікаў, дзе шануюцца і развіваюцца філалагічныя традыцыі, дзе захоўваецца памяць пра ўсіх, хто вучыўся і працаваў на факультэце.

Першы выпуск гісторыка-філалагічнага факультэта Брэсцкага настаўніцкага інстытута (сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова) адбыўся ў 1947 годзе, прычым 14 з 18 выпускнікоў былі гісторыкамі, і толькі чацвёра – настаўнікамі рускай мовы і літаратуры. А ў 1954 годзе ўпершыню ў Брэсце былі выпісаны дыпломы аб вышэйшай філалагічнай адукацыі, якія атрымалі 49 русістаў і беларусаведаў. Сярод сямі «чырвонадыпломнікаў» гэтага года быў і Георгій Пятровіч Андраюк, які ў 1970-1989 гадах займаў пасаду рэктара Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна.

Традыцыя праводзіць у апошнюю суботу чэрвеня сустрэчу з выпускнікамі філалагічнага факультэта зарадзілася восем гадоў таму. Увесь гэты час дэканат факультэта папаўняе базу дадзеных выпускнікоў, у якой ужо каля 9 тысяч імёнаў, ідзе праца над віртуальным музеем факультэта. Таму яшчэ да таго, як вядучыя выйшлі на сцэну, выпускнікі запоўнілі анкеты.

У гэтым годзе «залатымі» юбілярамі былі выпускнікі 1966 года. Яны вучыліся па двайной спецыяльнасці – «руская і беларуская мова і літаратура»; большасць з іх прысвяцілі сваё жыццё выкладанню ў школах, гімназіях, вучылішчах, каледжах. Расціслаў Бензярук таксама настаўнічаў, хоць больш вядомы як журналіст і пісьменнік. Ён падарыў факультэту адну з 14 сваіх кніг. Сустрэча з выпускнікамі была арганізавана ў актавай зале, але самым дарагім месцам для тых, хто атрымаў дыплом 50 гадоў таму, стаў Асветніцка-адукацыйны цэнтр імя У.А. Калесніка. Імя гэтага выдатнага вучонага і педагога святое для ўсіх яго вучняў. Успаміны вяртаюць у мінулую маладосць, але трэба сказаць, што гэтыя людзі і зараз маладыя душой. Напрыклад, Кацярына Генадзьеўна Валасюк і цяпер возіць экскурсіі па Палессі і зняла некалькі дакументальных фільмаў пра гісторыю Піншчыны.

Разам з выпускнікамі 1976 года на сцэну паднялася іх куратар Вера Міхайлаўна Емельяновіч – таксама выпускніца тады яшчэ БДПІ імя А.С. Пушкіна, толькі 1959 года. З адным са сваіх «падапечных» – кандыдатам навук Іванам Уладзіміравічам Сацутам – Вера Міхайлаўна працавала шмат гадоў на адной кафедры. Сорак гадоў таму скончыў інстытут Рыгор Бысюк, дырэктар мемарыяла «Брэсцкая крэпасць-герой». За чатыры дзясяткі гадоў не зацьміліся ўспаміны пра студэнцкія гады – выпускнікі як быццам толькі ўчора вярнуліся з будатрада, дзе выпускалі насценгазету «Асбаліт» («асушваць балоты літфаку»).

Беларусаведы 1991 года выпуску на апошнім курсе амаль у поўным складзе былі закліканы працаваць у школы – пачынаўся перыяд беларусізацыі. Можа, менавіта такое спалучэнне тэорыі з практыкай дало багатыя плады: чацвёра выпускнікоў гэтага года сталі кандыдатамі навук, а Міхаіл Алейнік зараз галоўны рэдактар «Вячэрняга Брэста». Вера Міхайлаўна Емельяновіч успомніла, як старшыня дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі Алег Лойка пацалаваў ёй руку за выдатную падрыхтоўку студэнтаў гэтага выпуску.

Выпускнікам выпаў выпадак зноў апынуцца на экзамене, толькі пытанні ў білетах былі пра студэнцкае жыццё. На пытанне, які экзамен быў самым цяжкім, адказаў Ілья Пархуціч, выпускнік 2006 года, настаўнік ліцэя № 1 імя А.С. Пушкіна: «Самы цяжкі экзамен здаеш пасля атрымання дыплома, калі выходзіш да дошкі з кавалачкам крэйды і даказваеш вучням, што ты сапраўдны філолаг».

Філалагічны факультэт

Падзяліцца: