Сустрэчы са школьнікамі Жабінкі

4 мая 2015 г. адбыліся сустрэчы прадстаўнікоў гістарычнага факультэта з вучнямі старэйшых класаў сярэдніх школ (№ 1, 2, 3) і ліцэя г. Жабінка Брэсцкай вобласці, у рамках якіх былі праведзены асветніцкія і прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Арганізацыйную падтрымку аказала Жабінкаўскае дабрачынне Брэсцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы і аддзел адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама.

Падчас падрыхтаванай прэзентацыі «Знаёмімся з Брэсцкім універсітэтам» доктар гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў А.М. Вабішчэвіч азнаёміў школьнікаў з гісторыяй, сучасным станам універсітэта і гістарычнага факультэта, спецыяльнасцямі і магчымасцямі для вучобы. Таксама для школьнікаў было праведзена асветніцкае мерапрыемства, прысвечанае 1000-годдзю з дня праведнай смерці Святога князя Уладзіміра. Кафедра гісторыі славянскіх народаў ужо праводзіла сумесна з Брэсцкай епархіяй мерапрыемства па такой тэме – рэгіянальны навукова-багаслоўскі семінар (гл. Навіны ўніверсітэта ад 01.12.2014) Асаблівую цікавасць вучні праявілі да прэзентацыйнага даклада «Князь Уладзімір: асоба, роля ў прыняцці хрысціянства на Русі» кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры гісторыі славянскіх народаў А.М. Свірыда. Пытанні хрысціянскай этыкі былі закрануты ў выступленні доктара гістарычных навук, прафесара А.А. Гарбацкага.

Настаяцель Свята-Пакроўскага храма г. Жабінка, іерэй Сергій Петрусевіч і свяшчэннік Андрэй Петрусевіч падкрэслілі значнасць такіх сустрэч з навучэнскай моладдзю для яе маральнага выхавання, неабходнасць іх правядзення ў бліжэйшай перспектыве. Такія мерапрыемствы напаўняюць рэальным зместам Праграму супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2015 – 2020 гады.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: