Святочны настрой ад прафкама

Прафсаюзная акцыя «Святочны настрой», прысвечаная Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Міжнароднаму Дню жанчын, прайшла ў нашым універсітэце 5 сакавіка 2019 года. Запрошаныя студэнты, у тым ліку прафактыў універсітэта, члены МААП, студэнты, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама навучэнцы, што маюць розную ступень страты здароўя, атрымалі падарункі з рук старшыні прафкама студэнтаў Р.В. Чуля.

У рамках акцыі Р.В. Чуль і педагог сацыяльны аддзела выхаваўчай працы з моладдзю Н.А. Крывіцкая расказалі аб сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў у нашым універсітэце, адказалі на пытанні, выслухалі і абмеркавалі некаторыя прапановы. Асаблівую ўвагу ўдзельнікі акцыі надалі пытанням аздараўлення студэнтаў. Паводле слоў Ніны Адамаўны, многія навучэнцы і іх бацькі асцерагаюцца, што аздараўленне якім-небудзь чынам перашкодзіць вучэбнаму працэсу і ў будучыні паўплывае на паспяховасць.

– Не варта забываць, што здароўе – гэта каштоўнасць, якую трэба берагчы замалада, – падкрэсліла Ніна Адамаўна. – Універсітэт і прафсаюзны камітэт дае пуцёўкі ў санаторыі і здраўніцы са скідкай і выплатамі на аздараўленне. Лячэбныя ўстановы найчасцей знаходзяцца недалёка ад Брэста, таму пры неабходнасці студэнт можа прыехаць ва ўніверсітэт для здачы патрэбных кантрольных работ або залікаў.

Таксама падчас акцыі былі абмеркаваны пытанні пра падачу заяў на атрыманне месца ў інтэрнаце, льготнае харчаванне і інш. Завяршылася акцыя традыцыйным сумесным фота на памяць.

Таццяна Сільвестрава (філалагічны факультэт)

Падзяліцца: