Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню жанчын, адбыліся ў БрДУ

Напярэдадні свята Вясны і Прыгажосці, 8 Сакавіка, у нашым універсітэце адбыўся шэраг святочных мерапрыемстваў.

Вялікі канцэрт для работнікаў і студэнтаў універсітэта прайшоў 7 сакавіка ў актавай зале. Па традыцыі на ім з віншавальным словам выступіла рэктар Г.М. Сендзер. Ганна Мікалаеўна адзначыла, што жанчыны складаюць тры чвэрці нашага працоўнага калектыву, а сярод выкладчыкаў з навуковымі ступенямі і званнямі іх больш за палову – 62 %. Рэктар пажадала ўсім вясновага настрою, поспехаў у працы і ва ўсіх пачынаннях. Затым яна ўзнагародзіла супрацоўніц БрДУ за плённую працу на карысць універсітэта. Уручаючы падзякі і граматы, Ганна Мікалаеўна акцэнтавала ўвагу на лепшых прафесійных якасцях кожнай работніцы, а таксама падкрэсліла, як прыемна, калі ў калектыве так шмат людзей, гатовых працаваць на росквіт alma mater. Затым усіх прысутных павіншавалі студэнты, якія падарылі яркія музычныя і танцавальныя нумары, задаўшы тым самым пазітыўны настрой.

Значным стаў прыём рэктарам дэканаў і кіраўнікоў структурных падраздзяленняў універсітэта, а таксама супрацоўніц з ліку шматдзетных маці, маці-адзіночак і жанчын, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця.

На гэтых прыёмах Ганна Мікалаеўна павіншавала ўсіх са святам і пажадала моцнага здароўя, ажыццяўлення ўсіх задум, поспехаў у навуцы і творчасці. А на прыёме для мам жанчынам былі ўручаны падарункі. Святочны тон усім мерапрыемствам задавалі творчыя выступленні студэнтаў.

Дарагія жанчыны! Ад усёй душы жадаем вам цяпла сэрцаў, напоўненых любоўю, утульнасці, гармоніі
і паразумення! Няхай вашы вочы заўсёды выпраменьваюць шчасце!

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: