Таццяна Халадовіч – уладальніца прэміі БАСС у намінацыі «Спорт вышэйшых дасягненняў»

29 чэрвеня 2016 года ў Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь прайшла цырымонія ўручэння прэмій Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту студэнтам-спартсменам, якія актыўна і плённа займаюцца спортам. У цырымоніі ўганаравання прынялі ўдзел Міністр адукацыі, старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту М.А. Жураўкоў, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту вучняў і студэнтаў В.М. Стрыгельскі, намеснік старшыні БАСС В.В. Баляба.

Галоўнымі героямі мерапрыемства сталі студэнты-спартсмены, пераможцы і прызёры Сусветнай зімовай і Сусветнай летняй універсіяд, чэмпіянатаў свету сярод студэнтаў, якія праводзіліся ў 2015 годзе, першых Еўрапейскіх гульняў, што адбыліся ў Баку, а таксама студэнты, якія дасягнулі высокіх вынікаў у сферы масавага спорту. Ад нашага ўніверсітэта ў мерапрыемстве прыняла ўдзел Халадовіч Таццяна (факультэт фізічнага выхавання) – пераможца сусветнай універсіяды 2015 года. Яна была адзначана прэміяй у намінацыі «Спорт вышэйшых дасягненняў».

Нагадаем, што ў мінулым годзе ў намінацыі «Масавы спорт» былі адзначаны дзве студэнткі нашага ўніверсітэта, пераможцы і прызёры чэмпіянатаў Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскай універсіяды – Гарковіч Анастасія (факультэт фізічнага выхавання) і Кузава Марыя (геаграфічны факультэт).

Віншуем!

Кафедра лёгкой атлетыкі, плавання і лыжнага спорту

Падзяліцца: