«Трэба будзе працаваць мне ва ўніверсітэце»: у БрДУ правялі Дзень самакіравання

17 лістапада ў БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных галоўнаму святу навучэнскай моладзі – Дню студэнта. На ўсіх факультэтах у гэты дзень былі вывешаны маляўнічыя насценгазеты, праводзіліся інтэлектуальныя гульні, конкурсы, віктарыны, акцыі і дэбаты. Студэнты ладзілі танцавальныя перапынкі і радавалі сваёй творчасцю ўсіх «жыхароў» ВНУ. Але акрамя ўсяго гэтага, у рамках Дня самакіравання абраным студэнтам было дазволена на адзін дзень выканаць работу выкладчыкаў і кіраўніцтва ўніверсітэта.

Дублёры кіраўніцтва выступалі на нарадах у дэканаў і адчытваліся перад рэктарам і прарэктарамі. У ходзе пасяджэнняў і гутарак ім прыйшлося закрануць такія складаныя і сур’ёзныя тэмы, як удасканаленне вучэбнай дзейнасці і прафарыентацыйнай працы, а таксама пазнаёміцца з нарматыўнымі прававымі дакументамі, разгледзець бізнес-ідэі і праекты ў рамках СТАРТАП-руху. Таксама студэнты-дублёры распрацавалі «Этычны кодэкс навучэнца».

Студэнты, якія сталі на адзін дзень выкладчыкамі, рыхтаваліся да лекцый і семінараў з хваляваннем, што, зрэшты, не перашкодзіла ім упэўнена справіцца з гэтай педагагічнай задачай. Юныя выкладчыкі адзначылі, што заняткі, якія праводзяцца студэнтамі, вельмі важныя і цікавыя, так як яны прыўносяць разнастайнасць у навучальны працэс і афарбоўваюць яго ў іншыя тоны дзякуючы неардынарнаму погляду моладзі на падачу матэрыялу. Акрамя таго, лічаць студэнты, дадзеная ім магчымасць – гэта яшчэ і выражэнне кіраўніцтвам універсітэта ўпэўненасці ў ведах і ўменнях навучэнцаў.

Студэнтка біялагічнага факультэта Дар’я Жучко адзначае, што стаць на адзін дзень выкладчыкам – гэта добрая магчымасць падрыхтавацца да педагагічнай практыкі ў школе. Паводле слоў дзяўчыны, удзел у Дні самакіравання дапамагае паглядзець на сябе збоку, прааналізаваць памылкі і зрабіць высновы.

Завяршыўся Дзень самакіравання сумесным выніковым сходам кіраўніцтва ўніверсітэта з дублёрамі. Падчас дыскусіі наваспечаныя дэканы і работнікі рэктарата падзяліліся ўражаннямі і расказалі, якія менавіта пытанні даводзілася вырашаць. Адны сутыкнуліся з праблемамі інтэрнатаў, іншыя – з запазычанасцямі. Важна, што ўсе свае абавязкі дублёры выканалі якасна.

У заключным слове кіраўніцтва ўніверсітэта пажадала ўсім дублёрам не спыняцца на дасягнутым. А студэнты выказалі падзяку ВНУ за створаную магчымасць у поўным аб’ёме выконваць усе функцыі кіруючых кадраў.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: