Трэнінгавыя заняткі ў «Школе куратара»

27 кастрычніка 2015 г. у рамках «Школы куратара» адбыліся трэнінгавыя заняткі «Прыёмы і метады згуртавання вучэбнай групы», арганізаваныя метадыстам, педагогам-псіхолагам аддзела выхаваўчай працы з моладдзю Вікторыяй Васільеўнай Тарасюк.

Падчас заняткаў гаворка ішла пра тое, што на першым этапе працы куратара з групай неабходна раскрыць творчы патэнцыял студэнтаў, сфарміраваць талерантнае стаўленне да ўсіх членаў групы, задаць арыенціры, стварыць атмасферу згуртаванасці і даверу, задаволіць інфармацыйны голад і зняць напружанне. Адзін з эфектыўных спосабаў стварэння такой атмасферы – гульні. Яны даюць куратару магчымасць выкарыстоўваць псіхалагічную энергію гульні ў запланаваных навучальных мэтах, значна ўзмацняюць матывацыю ўдзельнікаў, спрыяюць разуменню складаных узаемасувязяў, дапамагаюць сацыялізацыі навучэнцаў, даюць магчымасць праверыць на практыцы, развіць і інтэграваць розныя навыкі і здольнасці.

Актыўны ўдзел куратараў гістарычнага, біялагічнага, фізічнага выхавання і факультэта замежных моў дазволіў ім пагрузіцца ў свет псіхалагічных гульняў і практыкаванняў і ў творчай абстаноўцы папоўніць свой педагагічны вопыт эфектыўнымі метадамі згуртавання групы, вызначыць стратэгію далейшай працы са студэнтамі.

Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба

 

Падзяліцца: