Ці даўно БрДУ гаворыць на замежнай?

Традыцыя запрашаць на святкаванне Дня настаўніка ветэранаў і былых работнікаў для кафедры замежных моў не новая. Да ідэі сувязі педагагічных пакаленняў і пераемнасці прыхільна ставяцца як былыя выкладчыкі, так і цяперашнія. Цікавасць узаемная: маладыя педагогі могуць абмеркаваць новыя павевы ў адукацыі з тымі, чый прафесійны вопыт правераны часам, а ветэраны бачаць, як змяняецца кафедра, праца на якой для многіх з іх стала справай усяго жыцця. У гэтым годзе для сустрэчы асаблівая нагода – кафедра замежных моў адзначае 70-гадовы юбілей.

Віншуючы калегаў на ўрачыстым пасяджэнні кафедры, якое адбылося 2 кастрычніка, рэктар універсітэта Ганна Мікалаеўна Сендзер адзначыла высокі прафесіяналізм супрацоўнікаў і беражлівыя адносіны да традыцыі пераемнасці пакаленняў, захаванне якой з’яўляецца заслугай загадчыка кафедры Ларысы Міхайлаўны Максімук і кіраванага ёй калектыву.

Да нядаўняга часу даць дакладны адказ на пытанне, колькі гадоў у БрДУ імя А.С. Пушкіна існуе кафедра замежных моў, не мог ніхто. Кропкі над «і» дапамаглі расставіць дакументы, якія захаваліся ў абласным архіве: сумненняў няма, кафедра – аднагодка ўніверсітэта. Ужо ў 1945/46 навучальным годзе студэнты тады яшчэ Настаўніцкага інстытута вывучалі англійскую мову. У пачатку свайго станаўлення кафедра складалася ўсяго з аднаго выкладчыка. Зараз жа, праз 70 гадоў, у калектыве 16 выкладчыкаў англійскай, нямецкай, французскай і іспанскай моў.

На святочным канцэрце, прысвечаным 70-годдзю, лейтматывам стала ідэя сувязі педагагічных пакаленняў. Дацэнт Ірына Васільеўна Поўх прадставіла прэзентацыю, у якой у фотаздымках паказала непарыўную нітку, што злучае вехі мінулага кафедры замежных моў і рэаліі сучаснасці. Загадчыца кафедры Ларыса Міхайлаўна Максімук звярнулася ў сваёй прамове да калег і ветэранаў са словамі падзякі за падтрымку яе ініцыятывы па арганізацыі сустрэч пакаленняў і павіншавала супрацоўнікаў кафедры і гасцей з двайным святам – Днём настаўніка і 70-годдзем кафедры.

У юбілей прынята дарыць асаблівыя падарункі, якія будуць доўга захоўваць памяць аб святочнай даце. Пры падтрымцы кіраўніцтва БрДУ імя А.С. Пушкіна выпуск газеты «Берасцейскі ўніверсітэт» за 30 верасня быў прысвечаны 70-годдзю кафедры замежных моў. Віншаванне рэктара ўніверсітэта, матэрыялы пра гісторыю і сучаснасць кафедры, успаміны ветэранаў – святочны нумар газеты на доўгія гады захавае памяць пра юбілей кафедры.

Вольга Лебедзева

Падзяліцца: