Туркменістан і Беларусь: дружба без межаў

Клуб «Дыялог культур» запрасіў гасцей на святочны вечар 4 сакавіка. Сёння адносіны паміж Туркменістанам і Беларуссю развіваюцца як ніколі імкліва і дынамічна. І нягледзячы на ​​тое, што кожная з краін знаходзіцца ў розных частках свету, паміж нашымі народамі няма адлегласцей, сяброўства, паразуменне і гасціннасць збліжаюць нас. Дружбе двух народаў – беларусаў і туркменаў – і быў прысвечаны вечар.

Туркменістан з’яўляецца найважнейшым партнёрам Беларусі ў Цэнтральнай Азіі. Сёння, нароўні з пастаўкамі ў Туркменістан беларускай тэхнікі (аўтамабілі, трактары, камбайны), узнікаюць і новыя праекты ў двухбаковых адносінах. Флагманам эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін цяпер з’яўляецца будаўніцтва ў Лебапскім велаяце (г.зн. вобласці) Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната па вытворчасці калійных угнаенняў. Асаблівая роля ў наладжаных добрых адносінах паміж нашымі народамі належыць двум прэзідэнтам: Аляксандру Лукашэнку і Гурбангулы Бердымухамедаву. Сустрэчы двух прэзідэнтаў праводзяцца кожны год. Пра сяброўства лідараў дзвюх дзяржаў прадставіў медыйную прэзентацыю Худайбердыеў Максат (фізіка-матэматычны факультэт). Цікавасць ва ўдзельнікаў і гасцей вечара выклікала таксама фотавыстава туркменскіх студэнтаў «Я і Беларусь», падрыхтаваная Акмурадавай Максудай (філалагічны факультэт). Змяняючы адзін аднаго на сцэне, прадстаўнікі кожнай з краін паказалі ў песнях і танцах сапраўдны «Нацыянальны каларыт туркменаў і беларусаў», як была названа творчая праграма вечара. Да ўдзельнікаў вечара далучыліся і студэнты псіхолага-педагагічнага факультэта Вусік Ксенія і Іванюк Віктар, якія выканалі на акардэоне і баяне цудоўныя мелодыі еўрапейскіх кампазітараў. Падчас дэгустацыі «Чайная традыцыя туркменаў», падрыхтаванай Рахімавай Айдын (філалагічны факультэт), удзельнікі даведаліся, як правільна гатаваць і піць чай па-туркменску. Да гарбаты студэнтамі фізіка-матэматычнага і геаграфічнага факультэтаў, а таксама навучэнцамі Брэсцкага гандлёва-тэхналагічнага каледжа былі прапанаваны бліны па-беларуску, бо паводле нашай традыцыі бліны з’яўляюцца абавязковым атрыбутам Масленіцы.

На вечары самыя актыўныя члены клуба «Дыялог культур» былі адзначаны дыпломамі за папулярызацыю сваіх нацыянальных традыцый. Удзельнікі вечара прадэманстравалі, наколькі моцная дружба паміж народамі Туркменістана і Беларусі.

Хочацца выказаць вялікую падзяку ўсім удзельнікам, якія падрыхтавалі выдатную праграму мерапрыемства, а таксама гасцям вечара. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасуюцца старшыні прафкама студэнтаў універсітэта Раману Валянцінавічу Чулю, які быў не толькі ўдзельнікам вечара, але і арганізаваў падарункі для беларускіх і туркменскіх студэнтаў.

Ляўчук З.С.,
дацэнт, кіраўнік клуба «Дыялог культур»

Падзяліцца: