Туркменія ў сэрцы маім!

27 кастрычніка народ Туркменістана адзначыў Дзень незалежнасці. Беларускі Прэзідэнт А.Р. Лукашэнка павіншаваў са знамянальнай датай прэзідэнта Туркменіі і туркменскі народ. Студэнты Туркменістана, якія вучацца ў нашым універсітэце, трапятліва ставяцца да незалежнасці сваёй краіны і штогод стараюцца надаць гэтаму дню асаблівую ўрачыстасць. У гэты раз удзельнікі клуба «Дыялог культур» арганізавалі святочны вечар «Туркменія ў сэрцы маім!», на якім быў ярка паказаны каларыт краіны і яе дасягненняў.

Сярод удзельнікаў вечара былі выкладчыкі, магістранты, прадстаўнікі аддзела выхаваўчай працы, студэнты. Туркменскія студэнты падрыхтавалі і пазнаёмілі гасцей з яркімі прэзентацыямі: «Туркменістан сёння» (аўтар – Салтанава Хатыджа, філалагічны факультэт, 4 курс), «Шлях да незалежнасці» (аўтар – Бабаеў Фахрыдын, фізіка-матэматычны факультэт, 4 курс), «Духоўныя асновы культуры Туркменіі» (аўтар – Акмурадава Максуда, філалагічны факультэт, 4 курс).

Амандурдыева Мяхры (факультэт замежных моў) і Башлыева Мяхры (філалагічны факультэт) уключылі гасцей у інтэрактыўную віктарыну «Што ты ведаеш пра Туркменістан?». Беларускім студэнтам прыйшлося нялёгка ў пошуках правільных адказаў.

Як вядома, туркмены вельмі любяць спяваць, у чым у чарговы раз прымусіў пераканацца Гараеў Сулейман (юрыдычны факультэт, 5 курс), выканаўшы выдатныя песні на туркменскай мове пра Ашхабад і пра каханне. На вечарыне словы асаблівай падзякі былі адрасаваны групе туркменскіх студэнтаў – удзельнікаў нядаўняга абласнога тура міжнароднага фестывалю нацыянальных культур «Суквецце культур», якія на вышэйшым узроўні прадэманстравалі там культуру Туркменіі. Госці адрасавалі музычныя віншаванні туркменскім студэнтам. Апафеозам вечара стала сумеснае выступленне беларускіх і туркменскіх студэнтаў з кампазіцыяй «Запаліце свечкі», у якой выдатна саліравала Гапановіч Марына (філалагічны факультэт).

Мы яшчэ раз убачылі, наколькі цікавая нам Туркменія, і што дзяржаўная незалежнасць з’яўляецца вялікім здабыткам народа.

Арганізатары і ўдзельнікі вечара выказваюць падзяку старшыні прафкама студэнтаў універсітэта Раману Валянцінавічу Чулю за дапамогу і падтрымку ў правядзенні мерапрыемства.

З.С. Ляўчук,
кіраўнік клуба «Дыялог культур»

Падзяліцца: