Турыстычны злёт геаграфічнага факультэта-2015

3-4 кастрычніка 2015 г. у лясным масіве на беразе возера Рагазнянскае прайшоў традыцыйны турыстычны злёт геаграфічнага факультэта. Турыстычныя спаборніцтвы для студэнтаў і выпускнікоў факультэта геафак арганізоўвае на працягу амаль 20 гадоў. У гэтым годзе ў турзлёце прынялі ўдзел каманды 1-4 курсаў, каманда выпускнікоў 2001-2007 гг. і каманда навічкоў турыстычнага клуба «Бярэсце». Стварэнню атмасферы дружбы і радасці ў турыстычным лагеры спрыяла і надвор’е: увесь злёт удзельнікам свяціла яркае і па-летняму цёплае сонейка.

Праграма турзлёту ўключала як спартыўныя мерапрыемствы (дыстанцыя горна-пешаходнай тэхнікі, велатрыял, начное арыентаванне), так і конкурсы (на лепшы бівак, лепшае распальванне кастроў, вязанне турыстычных вузлоў на хуткасць). Найбольшую цікавасць ва ўдзельнікаў і балельшчыкаў выклікала турыстычная эстафета, падчас якой удзельнікі каманды спаборнічалі ў тэхніцы турызму на паралельных дыстанцыях.

Пераможцам стала каманда 4 курса спецыяльнасці «Турызм і гасціннасць», якая лідзіравала на працягу ўсяго злёту. Астатнія каманды паехалі дадому з надзеяй перамагчы на турзлёце ў наступным годзе.

Дзякуем прафсаюзнаму камітэту студэнтаў за прадстаўленыя прызы пераможцам і прызёрам турзлёту, а таксама выпускніку геаграфічнага факультэта Віктару Вярбіцкаму, які ад імя кіраўніцтва Кобрынскай ЖКГ уручыў пераможцу групавы абанемент на наведванне аквапарку ў г. Кобрын.

А.Д. Панько,
кафедра турызму і краязнаўства

Падзяліцца: