«Тыдзень пазітыву» ў БрДУ імя А.С. Пушкіна

13-15 верасня ў рамках «Тыдня пазітыву» ў навучальных карпусах № 1 і № 2 БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшоў фотамарафон «Пазітыў праз аб’ектыў». У навучальным корпусе № 1 і спарткомплексе ў гэтыя дні працаваў «Сонечны фатограф», які паспеў адлюстраваць шматлікія моманты пазітыўнага настрою супрацоўнікаў і студэнтаў. 14 верасня ў фае навучальнага корпуса № 1 з пажаданняў паспяховай вучобы, асабістага шчасця і любві была складзена «Калекцыя цёплых слоў». А праз «Пазітыўны аракул» можна было атрымаць адказы на самыя цяжкія жыццёвыя пытанні. Акцыя «Сонца схавана ў кожным!» 15 верасня дазволіла пазітыўным мастакам ажывіць з дапамогай фарбаў смайлікі на тварах. Усе жадаючыя атрымалі магчымасць адлюстраваць свой эмацыйны стан і размаляваць «Дарогу жыцця» ў яркія колеры!

У інтэрнатах студэнцкага гарадка спецыялістамі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы сумесна з прадстаўнікамі студсавета і выхавальнікамі была арганізавана вялікая псіхалагічная гульня «Незвычайныя прыгоды» для студэнтаў-першакурснікаў. Выконваючы заданні гульні, студэнты вучыліся давяраць адзін аднаму, разумець і прымаць індывідуальныя асаблівасці сваіх таварышаў па гульні. Навучэнцы змаглі праявіць свае лідарскія якасці і атрымаць зарад добрага настрою на ўвесь вечар. У актывістаў-першакурснікаў узнікла жаданне папоўніць рады студэнцкага самакіравання інтэрнатаў і працягнуць сумесную дзейнасць.

Хай мерапрыемствы «Тыдня пазітыву» зарадзяць кожнага «пушкінца» гэтым выдатным станам на ўвесь год! Як бы цяжка ў жыцці ні было, памятайце: усмешка, як і прыгажосць, выратуе свет! Дзяліцеся адзін з адным толькі пазітывам!

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю, СППС

Падзяліцца: